Максім Багдановіч. Стэнсіл на сцяне ў цэнтры Гродна.

Максім Багдановіч. Стэнсіл на сцяне ў цэнтры Гродна.

На свой лад

Кожны з нас на свой лад будзе адзначаць гэтае свята, 120-годдзе Максіма Багдановіча.
Адны перачытаюць «Вянок», другія прынясуць кветкі да помніка паэту, трэція выправяцца ў музей Багдановіча, чацвёртыя — надрукуюць новы артыкул аб ім альбо працытуюць некалькі паэтычных радкоў у «жывым часопісе» і Facebook, пятыя — з’едуцца ў міністэрства ці рэстарацыю, каб выпіць і закусіць, бо самі ж рыхтавалі гэты юбілей і добра змерзлі-згаладалі за дзень, шостыя — пачуюць верш Максіма па радыё і згадаюць, як вучылі яго ў школе, альбо пабачаць ягоны партрэт у «Звязде», сёмыя — накіруюцца ў філіял Нацбанка, каб набыць срэбную юбілейную манету з Багдановічам. Восьмыя, на вялікі жаль, будуць па-ранейшаму займацца сваімі справамі і не здагадаюцца, не пабачаць, стомленыя працаю і клопатамі, які тое светлы дзень!..

Гісторыя спаткання

Днямі мая старэйшая дачка Маргарыта папрасіла раздрукаваць партрэт Багдановіча. Выява спатрэбілася ёй для школьнай працы — своеасаблівай «насценнай газеты», прысвечанай юбілею паэта. Яшчэ яна папрасіла даць ёй кнігу вершаў Багдановіча. Узяўшы том, Маргарыта запыталася, ці гэта той самы паэт, верш якога «Матылёк» я іншым разам напяваю. А пазней дадала:

«Якія прыгожыя вершы ў Багдановіча! Усе прыгожыя!»
. Я быў усцешаны тым, што пабачыў сустрэчу Маргарыты і Максіма, што іх першае спатканне было радасным, і працяг магчымы. Я ўзяў сабе за правіла не ўплываць на кола чытаньня маіх дачок, не падсоўваць ім кніг, не складаць «залатых» спісаў. Бо 
нашыя кнігі мы мусім шукаць самі, і нааадварот, нашыя кнігі мусяць шукаць нас самі.
А бацька — літаратурны крытык — можа ўсё толькі сапсаваць. Нездарма Багдановіч, звяртаючыся да крытыкаў, пісаў, што «Дарэмна ловіце вы ў сетку матылька, // Каб лепей скрыдлы разглядзець: // Ударыўшы, памне іх сець, // I яркі пыл сатрэ няспрытная рука».

Запавет Багдановіча

Што асабіста я згадваю-перачытваю пра Багдановіча цяпер? Найперш аповед Зоські Верас пра тое, як 

у першы свой вечар у Менску паэт папрасіў не класці яму цукар у гарбату.
І хоць цукар быў патрэбны хвораму Максіму, ён рашуча адмаўляўся ад яго. «Раз нехта, не помню хто, цішком перамяніў шклянку, і гарбата аказалася салодкай, — згадвае Верас. — Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся! Ледзь удалося супакоіць і перапрасіць».

Крыху пазней

Багдановіч патлумачыў: гарбату з цукрам ён хоць і вельмі любіць, але не п’е, таму што зараз, у ваенны час, асабліва шкадуе дзяцей. І калі ў нечым сабе адмаўляе, то яму здаецца, быццам ён робіць нейкую ахвяру дзеля іх.
Калі ж Верас запярэчыла, што фактычна тая ахвяра нічога дзецям не дае, Багдановіч загадкава адказаў: «А гэта пабачым».

I вось

праз тры месяцы Багдановіч, які працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання і атрымліваў там паёк, прынёс на плячах паўпуда цукру. «Аддаў яго мне, — сведчыць Верас, — (я была паміж іншымі абавязкамі сакратаркай камітэта) і кажа: „Гэта для дзяцей уцекачоў“.
Усе былі ўзрушаныя, але зрабілі вымоўку за тое, што сам нёс, а не паклікаў каго-небудзь, каб памаглі…».

Гэты чужы, але шчыры ўспамін нагадвае мне пра тое, што

літаратура ствараецца жывымі людзьмі і выхоўвае пачуццё павагі да іх.
А яшчэ пераконвае: важна не толькі суадносіць форму і змест мастацкага тэксту, патрабуючы іх суладдзя, да чаго заўсёды заклікаў Багдановіч, але і высвятляць маральны кодэкс літаратара, каб пабачыць вытокі ягонай творчасці.

Вялікая радасьць, што нашай літаратурнай традыцыяй ёсць яднанне гэтых важкіх частак, што

запавет Багдановіча, які быў напісаны ягонымі іскрыста-музычнымі вершамі і непрацяглым жыццём, дасюль застаецца неаспрэчным большасцю беларускіх пісьменнікаў.

* * *

Блог Паўла Абрамовіча — paval-abramovi4.livejournal.com.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0