«Урад ФРГ абураны тым фактам, што фонд Фрыдрыха Эберта вымушаны спыніць сваю працу ў Мінску», — заявіў БелаПАН дзяржаўны міністр МЗС ФРГ Вернер Хоер. Паводле слоў намесніка міністра замежных спраў, гэта рашэнне беларускіх уладаў — «чарговы крок у бок самаізаляцыі».

Хоер зазначыў, што прадстаўніцтва фонду ў краіне робіць важны ўнёсак у развіццё ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці Беларусі і Германіі. Разам з тым ён запэўніў, што ФРГ «працягне пашыраць супрацоўніцтва з беларускім грамадствам».

Намеснік міністра паведаміў, што 1 снежня ў МЗС ФРГ быў запрошаны пасол Беларусі Андрэй Гіро. У гутарцы з ім прадстаўнікі германскага ўрада сказалі, што закрыццё прадстаўніцтва фонду Эберта «яшчэ больш ускладніць нармалізацыю адносінаў Беларусі і ЕС».

Раней прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў БелаПАН, што рашэнне аб закрыцці прадстаўніцтва фонду Эберта прынята ў сувязі з тым, што яго дзейнасць «не ў поўнай ступені адпавядае крытэрыям канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнага кіравання Беларусі».

«Трэба таксама прызнаць, — дадаў ён, — што на гэтае рашэнне паўплывала рэзкая радыкалізацыя пазіцыі Германіі адносна Беларусі, адказнасць за якую цалкам і поўнасцю ляжыць на нямецкім баку».

***

Фонд імя Фрыдрыха Эберта з’яўляецца адным з найбуйнейшых некамерцыйных фондаў Германіі, блізкіх да Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Германіі дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Прадстаўніцтвы фонду працуюць больш як у 100 краінах.

Беларускае прадстаўніцтва было адкрыта ў Мінску ў 1997 годзе. Яно займалася падтрыманнем кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, няўрадавымі арганізацыямі, вядомымі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі. Так, напрыклад, адным з праектаў прадстаўніцтва была арганізацыя ў Мінску дыспутаў памяці Ёханеса Рау з удзелам вядучых нямецкіх палітыкаў.

У 2006 і 2008 гадах у прадстаўніцтва фонду ўжо ўзнікалі праблемы — яно было пазбаўлена дазволу на ажыццяўленне дзейнасці ў Беларусі, але тады гэта пытанне ўдалося ўрэгуляваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?