Польшча вырашыла спыніць свой удзел у праекце Вісагінскай атамнай электрастанцыі, ініцыятарам якога выступіла Літва, пра гэта 9 снежня паведаміла энергетычная кампанія PGE.

«З улікам умоваў, якія падаліся нам непрымальнымі, з улікам іншых важных для нашай групы праектаў, мы вырашылі замарозіць свой удзел у гэтай праграме перад тым як прыняць фармальныя абавязацельствы», — сказаў СМІ кіраўнік PGE Томаш Задрога.

У паведамленні PGE сказана, што кампанія спыніла і перамовы з расійскай энергетычнай групай Inter Rao аб магчымасці купляць электраэнергію ў Калінінградскай вобласці.

Цяпер Польшча вырашыла сама будаваць АЭС, якая павінна з’явіцца да 2020 года. Вызначаныя тры патэнцыйныя месцы — Жарновец (Zarnowiec), Хочава (Choczewo) і Гаскі (Gaski). На сёння ў Польшчы няма ніводнай АЭС.

38-мільённая Польшча раней пакладалася на запасы каменнага вугалю, цеплаэлектрастанцыі вырабляюць 94% электраэнергіі.

Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчы мела намер пабудаваць АЭС да 2020 года. Магчымым стратэгічным інвестарам выбралі японска-амерыканскі канцэрн Hitachi GE Nuclear Energy. Аднак пасля выхаду Польшчы з праекта няясна, ці здужае Балтыя сама выцягнуць такую інвестыцыю і ці досыць энергетычнага рынку трох гэтых краін для АЭС. Першай сваю АЭС увядзе ў дзеянне Расія. Станцыя будзе знаходзіцца пад Калінінградам. Другой спадзяюцца збудаваць Астравецкую АЭС беларусы — аднак тэмп працаў будзе залежаць ад той сама Расіі, якая дае і сваю тэхналогію, і фінансы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?