Арэнда пляцовак на Чэрвеньскім рынку у Мінску прадоўжана да 1 красавіка 2012 года, да гэтага перыяду прадпрымальнікам створаць альтэрнатыўны рынак. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Калтовіч сёння на прэс-канферэнцыі.

Па планах, Чэрвеньскі рынак у Мінску павінен быў спыніць работу ў студзені 2012 года.
На гэтым месцы прадугледжваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага грамадска-дзелавога і гандлёва-забаўляльнага комплексу «Чэрвеньскі». Інвестарам выступае іранская кампанія Didas Co. Адпаведны інвестдагавор паміж ЗАТ «Дзідас Інтэрнэшнл Груп» (Іран) і Мінгарвыканкамам падпісаны ў лютым бягучага года. Агульная плошча аб’екта складае больш за 150 тыс.кв.м. У прыватнасці, каля 100 тыс.кв.м аддадуць пад гандлёвыя плошчы, офісныя, спартыўныя памяшканні, месцы для правядзення вольнага часу, 50 тыс.кв.м зойме шматузроўневы падземны паркінг на 1,2 тыс. машына-месц. Мяркуецца, што будаўніцтва аб’екта завершыцца ў 2014 годзе.

Уладзімір Калтовіч нагадаў, што раней прадпрымальнікі рынку заяўлялі аб сваёй нязгодзе з прапановамі ўлад па ўрэгуляванню сітуацыі. Праблема актыўна абмяркоўвалася на сустрэчах абодвух бакоў.

«Ужо адбыліся тры сустрэчы прадпрымальнікаў і чыноўнікаў. Нашы пазіцыі зблізіліся, мы знайшлі варыянты рашэння»,
 — сказаў намеснік старшыні гарвыканкама.

Паводле яго слоў, падабрана альтэрнатыўная пляцоўка, на якой плануецца пабудаваць гандлёвы грамадскі цэнтр за сродкі арандатараў. «Гэта значыць, арандатары, уклаўшы свае сродкі, стануць уласнікамі сваіх гандлёвых месц», — адзначыў Уладзімір Калтовіч, падкрэсліўшы, што недахопу жадаючых укласці сродкі ў будаўніцтва ўласных памяшканняў амаль у цэнтры горада няма.

Пляцоўка, у прыватнасці, падабрана на тэрыторыі разваротнага кальца тралейбусаў па вуліцы Маякоўскага, будзе ўзводзіцца ў дзве чаргі і, паводле ацэнкі прадстаўніка мэрыі, вельмі перспектыўная. «Паблізу праходзіць чыгунка, у перспектыве плануецца прыпынак гарадской электрычкі і будаўніцтва тунэлю, які звяжа Курасоўшчыну і Лошыцу», — заўважыў Уладзімір Калтовіч. Гэту пляцоўку плануецца заасфальтаваць і да красавіка-мая 2012 года стварыць умовы для работы.

На час будаўніцтва прадпрымальнікам рынку прапануецца пляцоўка за Мінскім холадакамбінатам № 2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?