Грамадская арганізацыя «Маладзёжны адукацыйны цэнтр «Фіяльта» стварыла Адкрыты маладзёжны цэнтр, паведаміла каардынатар праекта Ася Брыгіневіч 9 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў,

цэнтр будзе працаваць на базе ГА «МАЦ «Фіяльта» (Мяснікова, 35) у межах праекта «Злавіць сучаснасць»,
які рэалізуецца з кастрычніка 2011 года па чэрвень 2012 года пры падтрымцы пасольства ЗША ў Беларусі.

Адкрыты маладзёжны цэнтр павінен стаць пляцоўкай для самавыяўлення маладых людзей 15–30 гадоў, забяспечыць ім магчымасць для нефармальнага абмеркавання актуальных праблем. Цэнтр будзе працаваць тры-чатыры разы на тыдзень, і ўсе ахвотныя змогуць пакарыстацца яго рэсурсамі: бібліятэкай, рознымі інструментамі нефармальнай адукацыі, у тым ліку інтэрнэтам.

На базе цэнтра будуць рэалізоўвацца маладзёжныя праекты.
«Фіяльта» ўжо правяла трэнінгі, на якіх маладыя людзі вылучылі шэраг ініцыятыў, у прыватнасці па развіцці творчага мыслення, выкараненні гендарных стэрэатыпаў, правільным распараджэнні сваім часам.

У цэнтры пройдуць шэраг трэнінгаў для моладзі. Акрамя таго, «Фіяльта» прапануе штотыднёвыя прагляды кіно з наступным абмеркаваннем, «Англійскі клуб», курсы замежных моў.

Брыгіневіч падкрэсліла, што ў цэнтры гатовы прыняць усіх, незалежна ад іх прыналежнасці да субкультуры ці якіх-небудзь сацыяльных слаёў, а таксама маладых людзей з «праблемным мінулым».

Грамадская арганізацыя «МАЦ «Фіяльта» працуе з 1995 года, яе мэтавая аўдыторыя — падлеткі і моладзь, грамадскія арганізацыі. Місія аб’яднання — развіццё гнуткага мыслення і ўсвядомленага выбару жыццёвай пазіцыі. Грамадскае аб’яднанне займаецца нефармальнай адукацыяй у сферах прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, наркаўжывання і гандлю людзьмі, зносін, міжкультурнай адукацыі, арганізацыйнага развіцця, канфліктаў, лідарства, крэатыўнага мыслення, гендарнай роўнасці, менеджменту маладзёжных праектаў і ініцыятыў і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?