Генеральнай пракуратурай Беларусі 8 снежня была распачата справа па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Яўгена Полудня. Пра гэта паведамілі ў Генпракуратуры.

Генеральнай пракуратурай створана следчая група і праводзіцца расследаванне.

Паводле некаторых звестак, Яўген Полудзень быў затрыманы ў канцы мінулага тыдня. У дачыненні да яго абрана мера стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. Абвінавачанне Полудню пакуль не прад’яўлена. Што канкрэтна яму інкрымінуецца, пакуль невядома.

Намеснікам кіраўніка МУС — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень быў прызначаны 4 жніўня 2009 года.

Крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных спраў заявілі СМІ, што арыштоўвалі міліцэйскага чыноўніка супрацоўнікі КДБ.

На пытанне радыё «Свабоды», ці сапраўды КДБ быў задзейнічаны ў гэтай аперацыі, начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч адказаў: «Без каментароў».

Палкоўнік Полудзень быў адным з самых блізкіх людзей цяперашняга міністра ўнутраных справаў Куляшова, піша «Беларускі партызан». Полудзень быў намеснікам Куляшова, калі той працаваў начальнікам упраўлення МУС па Гомельскай вобласці. Менавіта Куляшоў і перацягнуў яго за сабой у Мінск на пасаду начальніка грамадскай бяспекі ГУУС Мінска. Затым Полудзень перайшоў на пасаду начальніка арганізацыйна-інспектарскага ўпраўлення. Гэта ключавое ўпраўленне МУС, своеасаблівы мазгавы цэнтр міністэрства, які адказвае за планы, справаздачы, прававы аддзел і праверкі іншых падраздзяленняў. Гэтае ўпраўленне ўсе баяцца ў міністэрстве. Аднак з часам Полудня выжылі стуль на непрэстыжную пасаду ва ўпраўленне грамадскай бяспекі — затрымліваць палітычных апанентаў Лукашэнкі. На гэтай пасадзе ён адбыў Плошчу і Маўклівыя пратэсты, падчас якіх адбываліся масавыя затрыманні людзей на вуліцах асобамі ў цывільным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?