Мая першая замежная вандроўка была ў Румынію. Краіну, што сёлета ўступіла ў Эўразьвяз. А некалі здавалася жабрацкай нават на "саўковы" погляд.

Люты 1981 году. У СРР ("Сацыялістычная Рэспубліка...") пануе клан Чавушэску.

"Чырвоны імпэратар" стварыў жорсткую нават па мерках сацыялістычнага лягеру паліцэйскую дзяржаву. Жонку зрабіў першым віцэ-прэм'ерам, сына Ніку паставіў на чале зьвязу моладзі. Іншых сваякоў прызначыў камандаваць сілавымі структурамі ды партыйна-ідэалягічнай вэртыкальлю.

Карацей, краінай кіравала Сям'я.

Пазьней мне давялося пабачыць малодшага Чавушэску зблізку на нейкім форуме ў Маскве. Пыхлівы твар з выразным адбіткам нездаровага ладу жыцьця. Казалі, шмат піў ды не даваў праходу гімнасткам з румынскай зборнай.

Пра Чавушэску-тату казалі, што на самым версе ўлады ён так і застаўся паўпісьменным правінцыялам. Быў вельмі падазроны, запальчывы і амбіцыйны. Любіў гуляць у більярд і заўжды выйграваць. Калі ў Польшчы паўстала "Салідарнасьць", заявіў, што ў ягонай краіне забурэньняў ніколі ня будзе.

...Наш "Ікарус" пакінуў тэрыторыю савецкай Малдавіі і паехаў па сапраўдным замежжы.

Уся група — пераважна студэнты ды маладыя выкладчыкі, заахвочаныя падарожжам за актыўны ўдзел у будатрадаўскім руху, — прыліпла да шыбаў. Цікава было пабачыць першага іншаземца.

Праз хвіліну на сустрэчнай паласе намаляваўся старэнькі трактар без кабіны. Селянін у аблавушцы, з чырвоным ад сіверу тварам, вёз гной.

Аўтобус выбухнуў сьмехам. Ну выліты калгасьнік з Капыльшчыны ці Вушаччыны!

На першым жа прыпынку, калі выйшлі пакурыць, атачыў гаманкі натоўп мурзатых дзяцей. Выцыганьвалі сувэніры. Адзін падшыванец, злаўчыўшыся, выхапіў у мяне пачак "Арбіты" і даў лататы.

Кідалася ў вочы беднасьць. Мы, госьці з "саўка", пачуваліся Ракфэлерамі. Румыны з зайздрасьцю глядзелі на нашы гадзіньнікі, фотаапараты ды іншыя прадметы раскошы.

А навокал плякаты агітавалі "за росквітную Румынію". Экскурсавод — немалады мужчына з сумнымі вачыма і нязьменным шалікам на шыі — на кожным кроку сыпаў лічбамі росту ВУП ды іншых паказчыкаў. Нават пры нашай звычцы да камуністычнай прапаганды адчувалася, што хлусьня ня лезе ні ў якія вароты.

Скарыстаўшыся момантам, калі апынуліся тэт-а-тэт, я ціха спытаў гіда, нашто так шмат вытворчых лічбаў. Вас, што, прымушаюць?

Замест адказу ён туга зацягнуў шалік на горле ды камічна вырачыў вочы.

Болей я да небаракі не чапляўся.

Увечары ў гатэлі не сядзелася, і мы самастойна выбраліся на шпацыр па Бухарэсьце. Уразілі патрулі з аўтаматамі ды аўчаркамі.

Так Чавушэску забясьпечваў стабільнасьць у краіне.

А што да вонкавай палітыкі, то спрабаваў сядзець на двух крэслах. То бок на ўзроўні рыторыкі дэманстраваў Захаду пэўную незалежнасьць ад Крамля. Мо' праз гэта перападалі крэдыты ад імпэрыялістаў.

Але ў рэшце рэштаў дыктатар пасабачыўся і з сацлягерам, і з праклятымі буржуінамі. Краіна апынулася ў ізаляцыі.

Эканоміка каляпсавала, бо шалёныя грошы ўкінулі ў пабудову індустрыяльных гігантаў, якія сталі хранічна пакутаваць празь недахоп энэргарэсурсаў. Змарнавалі сродкі і на праграму стварэньня аграпрамысловых комплексаў са шматпавярховымі дамамі пры адначаснай ліквідацыі непэрспэктыўных вёсак.

...На цёмнай вуліцы (эканомія электрычнасьці!) трапілася прадуктовая крама. Асартымент нават для савецкага вока быў убогі. Кінулася ў вочы хіба батарэя прыгожых пляшак з фольгаю на рыльцах.

— Танны сухач! — усклікнуў нехта з нашых. — Вінаградная краіна! Мо вып'ем за здароўе таварыша Чавушэску?

Тады савецкім турыстам перад ад'ездам за мяжу мянялі нейкі мізэр валюты. У нас было трохі леяў — калярыстых паперак вялікага фармату. Скінуліся ды прывалаклі ў гатэль сетку выпівону.

Калі была адкаркаваная першая пляшка, у нос ударыў смурод воцату.

Асэнсаваўшы, на што змарнавалі дэфіцытныя леі, мы накінуліся на ініцыятара: вінаградная, блін, краіна, кажаш?!

Выліваючы шклянку ў ракавіну, нехта з хлопцаў рэзюмаваў:

— Вось і выпілі за здароўе Чавушэску... Каб ён скіс, як гэты воцат!

Празь некалькі гадоў румыны паўстануць, і мы ўбачым па тэлевізіі сьляды баёў на тых вуліцах, дзе хадзілі з экскурсіямі. Запомнілася вышчарбленая кулямі сьцяна Нацыянальнай галерэі.

Да сьценкі паставяць і Нікалаэ Чавушэску з жонкай. Ня выратуе і бункер, пабудаваны на выпадак атамнай вайны.

А сын Ніку памрэ ад цырозу.

Дынастыі не атрымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0