Масква не адмовіцца ад выкарыстання радыёлакацыйнай станцыі (РЛС) сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе (СПРН) «Волга» пад Баранавічамі пасля ўводу ў эксплуатацыю РЛС у Калінінградзе.
Пра гэта заявіў 30 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Паводле яго словаў, у Расійскай Федэрацыі яшчэ замала РЛС такога прызначэння. Акрамя таго, Калінінградская РЛС павінна яшчэ прайсці доследную эксплуатацыю і толькі пасля гэтага зможа выйсці на баявы рэжым.

29 лістапада ў пасёлку Піянерскім пад Калінінградам у прысутнасці Дзмітрыя Мядзведзева была датэрмінова ўведзеная ў строй РЛС СПРН «Варонеж-ДМ». Яна ўвайшла ў склад новага роду войскаў узброеных сіл Расіі — войскаў Паветрана-касмічнай абароны (ПКА).

На поўную магутнасць Калінінградскую РЛС плануецца вывесці да 2014 года, калі далёкасць яе дзеяння складзе 6000 кіламетраў.

Каментатары падкрэсліваюць: абстаўлены з піяраўскім размахам пуск Калінінградскай РЛС адбыўся адразу пасля таго, як расійскі прэзідэнт выступіў 23 лістапада з заявай у сувязі з сітуацыяй вакол сістэмы ПРА ЗША ў Еўропе. Мядзведзеў паабяцаў прыняць жорсткія меры ў адказ у выпадку злоснага ігнаравання інтарэсаў Расіі. Характэрна таксама, што ізноў створаныя войскі ПКА ўсталі на баявое дзяжурства 1 снежня.

Ужо вядома, што падпарадкоўвацца яны будуць непасрэдна начальніку Генеральнага штаба. У склад ПКА ўвойдуць Касмічныя войскі, радыёлакацыйныя комплексы сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе (РЛС СПРН) з яе касмічным і наземным эшалонам.

Падтрымку сілам СПА ў выпадку неабходнасці акажуць і зенітна-ракетныя войскі сухапутных войскаў, якія ўваходзяць у склад брыгад пастаяннай баявой гатоўнасці.

Па сутнасці, войскі Паветрана-касмічнай абароны будуць прадстаўляць сабой аналаг войскаў Ракетна-касмічнай абароны, якія некалі існавалі ў Савецкай арміі. Заяўленая мэта ПКА — абарона найважнейшых адміністрацыйных і прамыслова-эканамічных цэнтраў Расіі ад магчымага паветрана-касмічнага нападу.

Адным са сродкаў далейшага ўзмацнення баяздольнасці гэтых войскаў у Міністэрстве абароны Расіі лічаць увядзенне ў эксплуатацыю ў рамках дзяржпраграмы ўзбраення да 2020 года новых радыёлакацыйных станцый. Усяго, па дадзеных расійскіх крыніц, плануецца пабудаваць пяць-шэсць РЛС тыпу «Варонеж». Яны павінны будуць значна перасягнуць па сваіх магчымасцях калінінградскую. Пасля гэтага мяркуецца вывесці з эксплуатацыі ўсе РЛС, пабудаваныя ў савецкі час.

Аднак гэтыя часовыя мяжы могуць быць значна ссунутыя ў сувязі з пастаянным парушэннем графіка ўводу ў строй афіцыйна прынятых у эксплуатацыю радыёлакацыйных станцый. Так, РЛС у пасёлку Лехтуси Ленінградскай вобласці была пастаўлена на доследна-баявое дзяжурства яшчэ 22 снежня 2006 года, але да гэтага цалкам не выведзена на баявы рэжым. Яшчэ больш нявызначанай з’яўляецца сітуацыя з РЛС пад Армавірам, тэрміны пастаноўкі якой на доследна-баявое дзяжурства неаднаразова пераносіліся. Калі яна стане паўнавартаснай баявой адзінкай, не зразумела да гэтага часу.

У святле вышэйпададзенага з вялікай доляй упэўненасці можна казаць, што пытанне пра адмову за непатрэбнасцю ад РЛС «Волга» на тэрыторыі Беларусі ўстане не хутка.

Паказальна, што 2 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў: Беларусь падзяляе заклапочанасць Расіі з нагоды размяшчэння ў Еўропе элементаў амерыканскай супрацьракетнай абароны (СРА).

«І не проста падзяляем, — дадаў беларускі афіцыйны лідар. — Размяшчэнне супрацьракетных сістэм у межаў Расіі — гэта, лічы, ля межаў Беларусі. Гэта нашы межы перш за ўсё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?