12–14 снежня праект Cinemascope прадстаўляе ў мінскім кінатэатры «Перамога» праграму «Цені Гуку». Беларускія гледачы змогуць пабачыць класіку нямецкага гукавога кінематографа. Паказ ажыццяўляецца пры падтрымцы Пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь.

У рамках праграмы — тры фільмы, знятыя ў перыяд ранняга гукавога кіно: 12 снежня быў прадэманстраваны фільм «М: горад шукае забойцу» (1931) Фрыца Ланга, 13і 14 снежня — «Трохграшовая опера» (1931) Георга Вільгельма Пабста і «Упыр: сон Алана Грэя» (1932) Карла Тэадора Дрэера.

Не адмаўляючыся яшчэ ад выразных прыёмаў, характэрных для нямога кіно (і ў прыватнасці, кіно нямецкага экспрэсіянізму), гэтыя фільмы разам з тым дэманструюць творчыя пошукі ў галіне кінамовы і зацвярджаюць гук у якасці элемента новай эстэтыкі.

13 снежня, Трохграшовая опера

Die Dreigroschenoper

Рэжысёр: Георг Вільгельм Пабст

Сцэнар: Леа Ланія, Бэла Балаш, Ладыслаус Вайда па аднайменнай п’есе Бертальда Брэхта

Аператар: Фрыц Арна Вагнер

Музыка: Курт Вайль

У ролях: Рудальф Форстэр, Карола Неер, Валеска Герт, Райнхальд Шунцэль, Фрыц Расп

Германія, 1931, 110 хв.

Лондан у нявызначаную эпоху. Вулічны спявак распавядае разявакам пра подзвігі Мэкі, бандыта і круцяля, які непадзельна пануе ў Соха. Пакінуўшы сваю сяброўку Джэні-шлюху, ён спакушае Полі Пічэм, дачку караля жабракоў, і жэніцца з ёй ноччу ў закінутым доку на беразе Тэмзы. Раз’юшаны Пічэм загадвае злавіць Мэкі і адпраўляе на яго пошукі цэлую армію абадранцаў…

Гэты фільм, зняты ў двух варыянтах, нямецкім і французскім (з адной і той жа групай, але рознымі акцёрамі), бліскуча спалучае англійскі гумар з нямецкім экспрэсіянізмам. Нягледзячы на тое, што праца Пабста выклікала абурэнне Брэхта і Курта Вайля, яна эстэтычна цэльная. Дэкарацыі і аператарская праца ствараюць чароўную атмасферу замкнёнага асяродка, а музыка здрадліва каментуе дзеянне фільма. Ні адна з наступных карцін Пабста не дасягнула падобнай паэтычнасці.

14 снежня Вампір: сон Алана Грэя

Vampyr — Der Traum des Allan Grey

Рэжысёр: Карл Тэадор Дрэер

Сцэнар: Крысцін Джулі, Карл Тэадор Дрэер па матывах кнігі Джозэфа Шэрыдана Ле Фаню «Праз цьмянае шкло»

Аператары: Рудальф Матэ, Луі Не

Музыка: Вольфганг Цэлер

У ролях: Джуліян Уэст, Морыс Шуц, Рэна Мэндзел, Сібіла Шміц

Германія, 1932, 73 хв.

Малады падарожнік Алан Грэй спыняецца ў гатэлі, які стаіць наводшыбе. Неўзабаве да яго заходзіць мужчына і пакідае пакет з надпісам: «Распакаваць пасля маёй смерці». Той жа ноччу Алан выходзіць з нумара і спачатку бачыць цені, якія шпацыруюць і танчаць без сваіх гаспадароў, а прыйшоўшы ў замак, размешчаны па суседстве, — як забіваюць яго нядаўняга наведніка, які аказваецца гаспадаром замка…

Дрэер напаўняе свой аповед атмасферай жаху, пераплятаючы сон і яву. Патрэбны эфект дасягаецца простымі сродкамі — зменай ракурсаў, асіметрычнай кампазіцыяй кадраў, драматычным асвятленнем, выявай, нібы затуманенай смугой, шумамі, стрыманымі жэстамі і мімікай акцёраў. Сам вампір узнікае ў апавяданні толькі эпізадычна. Няяснасць, двухсэнсоўнасць таго, што адбываецца, падкрэслівае і прозвішча галоўнага героя — Грэй.

Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з субтытрамі.

Пачатак усіх сеансаў у 19.00.

Кінатэатр «Перамога» (Інтэрнацыянальная, 20). Даведкі па т. : (17) 203-77-66

Публікуецца на замову Пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0