Больш за 30 000 гадоў таму невядомыя размалявалі сцены пячоры мамантамі, насарогамі, львамі, коньмі. Прыкладна 25 000 гадоў таму ўваход у падзямелле заваліла. У 1994 годзе малюнкі ў нетрах французскага рэгіёну Шаве выявілі археолагі. У канцы 2000-х французы дазволілі Вернеру Херцагу спусціцца ў закрытыя для наведвання пячоры, каб зняць фільм пра самыя старажытныя з вядомых навуцы малюнкаў.
Шэсць дзён па чатыры гадзіны эксцэнтрычны немец з невялікай здымачнай групай, 3D-камерай і лямпамі халоднага святла (меры засцярогі для абароны малюнкаў) блукаў па цёмных лабірынтах, імкнучыся зафіксаваць унікальны помнік чалавечай прысутнасці на Зямлі.

Уласнік дзіўнага голасу, Херцаг ў карціне захапляецца тым, як з цемры ўзнікаюць дзіўныя сілуэты жывёл на сценах, і задае пытанні, філасафічнасць якіх мяжуе з наіўнасцю пячорнага паэта. Ніхто не можа даць дакладны адказ аб прызначэнні гэтых малюнкаў, іх ролі ў жыцці далёкіх продкаў, і кінарэжысёр дазваляе сабе прыгожую фантазію пра тое, як у старажытных творах мастацтва нараджалася чалавечая душа.

Рог насарога і ногі коней памнажаюцца ў спробе захаваць рух -- Херцаг небеспадстаўна натхнёны спробай 30 000 гадоў таму схапіць рух у статыцы, пусціць протакіно па сценах.

Да нашых дзён сцены гэтыя, скляпенні і падлога абраслі сталактытамі і сталагмітамі, якія ператварылі пячору ў казачную галерэю -- іскрыстыя выгіны прыродных формаў зачароўваюць не менш за чалавечыя тварэнні. А заадно адказваюць на пытанне, навошта для аповеду пра двухвымерныя малюнкі спатрэбілася 3D-кіно.

Яно тут -- не атракцыён з прадметамі, якія лятуць і лезуць у глядзельную залу, але інструмент апускання гледача ў прастору, што крок за крокам адкрывае скарбы.

Пры гэтым нават тут Херцаг, варта яму вылезці на паверхню, ўмомант пераходзіць у рэжым «жыццё дзіўных людзей». І героі французскай археалогіі аказваюцца не менш дзіўнымі суразмоўцамі, чым насельнікі наваколля Паўднёвага полюса, візіту да якіх быў прысвечаны папярэдні дакументальны фільм немца «Сустрэчы на краі свету».

Адзін археолаг у мінулым выступаў у цырку, іншы захапляецца парфумерыяй і трызніць трыццацітысячагадовай даўніны водарамі, трэцяя з захапленнем і прыдыханнем экскурсавода клуба юных мастацтвазнаўцаў выгукае: «Паглядзіце на гэтыя рогі -- і вы пачуеце іх стук».

Найлепшы персанаж (з ліку людзей) выходзіць на ўзлесак у пашытым са звярыных скураў адзенні, каб сыграць «Зорна-паласаты сцяг» на самаробнай флейце: дакладнай копіі той, што знайшлі ў выглядзе мноства аскепкаў на падлозе пячоры.

Ў сусвеце Херцага цуды самым натуральным чынам суседнічаюць з дзівакамі. Пра тых жа, каго дзіўны госць збярог для эпілогу свайго паходу ў свет мар, скажам толькі, што гэта меркаваныя ахвяры атамнай энергетыкі і магчымыя сведкі жыцця, якога мы не заспеем.

Здаецца, менавіта вачыма гэтых суседзяў -- мутантаў і альбіносаў, іншых з іншых, -- глядзіць на свет аўтар, які задаецца пытаннем: «Што яны падумаюць, калі ўбачаць гэтыя малюнкі?»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?