Сістэма біяакустычнага адпужвання птушак выкарыстоўваецца на чыгуначным вакзале ў Віцебску з 9 снежня. Пакуль гэта адзіны ў Беларусі вакзал, дзе ўсталяваная такая прылада.

Жыхары і госці Віцебска, праходзячы вечарам праз Прывакзальную плошчу, сярод звычайнага гарадскога шуму могуць пачуць нязвыклыя гукі — крыкі драпежных птушак.

Пра ноу-хау расказаў начальнік вакзала Кірыл Чарноў:

— Насамрэч гэта ніякае не ноу-хау. Калі нам пачалі моцна дапякаць вароны, я заняўся пошукам інфармацыі пра адпужванне птушак у інтэрнэце. Найбольш падыходзіла сістэма біяакустычнага адпужвання птушак, але мінімальны кошт прапанаванага камплекта склаў 19 млн рублёў.

Таму мы вырашылі паспрабаваць стварыць аналагічную прыладу самастойна.
Пайшлі самым простым шляхам — запампавалі з інтэрнэту запісы галасоў драпежнікаў, вывелі на дах дзве акустычныя калонкі і транслюем гэтыя запісы з перыядычнасцю 15 хвілін. Сістэму ўключаем толькі ўвечары, калі пачынаюць злятацца вароны.

— І наколькі эфектыўнае такое электроннае «пудзіла», якое, па сутнасці, нічога не каштавала вакзалу?

— Пакуль вельмі эфектыўна. Птушкі адразу злятаюць, калі ўключаецца запіс. Там цяпер запіс галасоў васьмі драпежных птушак і лісы. Які менавіта іх больш за ўсё палохае, мы не ведаем, але галоўнае — яны палохаюцца і злятаюць.

— А пасажыры не скардзяцца?

— Не, скаргаў не было. Гэтыя гукі не вельмі вылучаюцца ў гарадскім шуме. Калі будуць прэтэнзіі ад пасажыраў, то можна будзе паменшыць гучнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?