Аляксандр Лукашэнка не выключае, што пасля сыходу з пасады прэзідэнта вокны яго хаты закідаюць палкамі. Гэта вынікае з фрагмента інтэрв’ю кіраўніка беларускай дзяржавы галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Руская служба навін» (РСН) Сяргею Дарэнку. Гутарка адбылася ў Мінску 13 снежня.

«Я пра гэта думаў. Я гатовы да таго, што гэтага не будзе, і нават больш за тое, як бы мне страшна ні было,

я нават гатовы, што, я не кажу аплёўваць, а ў акно палкамі будуць кідаць, калі я яшчэ буду жывы ці не жывы.
Нават пры жыцці я да гэтага гатовы. Бо разумею, што сітуацыя можа быць, мне б вельмі гэтага не хацелася, але яна можа быць такой», — цытуе Лукашэнку РСН.

На пытанне Дарэнкі: «Будзе так, што вы, пенсіянер, і шпацыруеце па вуліцах, корміце галубоў?» Лукашэнка адказаў: «Я буду або з клюшкай бегаць, ці на каньках катацца, але… галубоў я буду карміць?

Я люблю звяроў, птушак, але не так, па горадзе, гэта недапушчальна. Я буду сядзець ціхенька недзе».

На пытанне, калі ў Беларусі можа з’явіцца «нумар два пасля Лукашэнкі», ён адказаў: «Як толькі ўзнікне такая прычына, калі народ ужо нясцерпны да цябе — усё: і нумар два, і нумар тры, і нумар пяць з’явяцца. Нават тыя, каго цяпер не відаць».

Лукашэнка нагадаў, што ў 1994 г., калі ён прыйшоў да ўлады, яго «не бачыў ніхто тады». «Чаму людзі так за мяне прагаласавалі?! Не толькі таму, што я правільныя рэчы казаў, бо сітуацыя саспела да гэтага. Калі б не было гэтай сітуацыі, я б ніколі прэзідэнтам не быў», — перакананы ён.

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў: «Я ніколі не цешуся, што я нумар адзін. Я нумар адзін, бо я прэзідэнт, у мяне вялікія паўнамоцтвы, больш за ўсіх мяне бачаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?