Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Русская служба новостей» (РСН) Сяргею Дарэнку.

«Я сам не чытаў, мяне праінфармавалі, што дзесьці Пуцін сказаў Мілеру, што трэба на „Белтрансгазе“ павышаць удвая зарплату і іншае. У нас гэта смех выклікала. Ды навошта ў нас? Вы павысілі ваенным напярэдадні выбараў зарплату, яшчэ панаабяцалі, а „Адзіная Расія“ палову не атрымала, з усімі адміністрацыйнымі рэсурсамі. Людзі разумеюць, што гэта блеф», — лічыць Лукашэнка.

«Вы спачатку ў Расіі ўсім катэгорыям уздыміце зарплату, і мы тады параўнаем нас і вас, — прадоўжыў ён. — 

А так у вас сярэдняя зарплата вышэйшая за нашу крыху дзякуючы таму, што ў вас верх атрымлівае мільярды або сотні мільёнаў долараў.
І ўсё ў сярэднім добра. Але наш народ бачыць, як жыве у вас сярэдзіна і ўніз. Мы ж гэта бачым. У нас гэтага няма. У нас няма гэтых алігархаў.
У нас ад прэзідэнта, якога лічаць галоўным алігархам краіны, да селяніна — вось яна, зарплата, празрыстая, і яна дзеліцца і выводзіцца сярэдняя заработная плата.
Вы гэта пакажыце. А гэта такія штучкі піяраўскія…»

«Калі вы там (на „Белтрансгазе“ уздымеце заработную плату, гэта не значыць, што вы так ужо занадта зробіце зарплату большай, чым у нас у сярэднім па краіне. Не, мы цяпер, выходзячы з гэтага фінансавага дысбалансу, гэта нават не крызіс — разбалансавалася фінансавая сістэма ў сувязі з гэтым, і дэвальвацыя рубля да гэтага прывяла. Мы цяпер падцягваемся. І я ўпэўнены, што ў наступным годзе мы аб гэтым забудзем, нават у першым паўгоддзі», — паабяцаў Лукашэнка.

3 снежня на сустрэчы з кіраўніком «Газпрома» Аляксеем Мілерам Уладзімір Пуцін сказаў наконт «Белтрансгазу»: «Мабыць, вам трэба будзе падумаць над павышэннем узроўню заработнай платы, маючы на ўвазе, што цяпер гэта поўнасцю ваша прадпрыемства. А ў адпаведнасці з пэўнай катэгарыйнасцю «Газпрома» прадпрыемствы такога роду павінны мець адпаведны ўзровень заработнай платы. Як відаць, разы ў два вам трэба будзе павысіць узровень заработнай платы ў «Белтрансгазе».

Мілер наведаў мінскі офіс «Белтрансгазу» 8 снежня. На сустрэчы з калектывам ён паабяцаў, што зарплата супрацоўнікаў гэтай кампаніі вырасце ў тры разы.

Дагавор аб продажы «Газпрому» астатніх 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» быў падпісаны ў Маскве 25 лістапада. Пасля гэтага расійскі газавы холдынг кансалідаваў 100% акцый беларускага прадпрыемства.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?