У Баяндаеўскім раёне Іркуцкай вобласці ў складзе музейнага комплексу ствараецца беларуская сядзіба. Плануецца, што будаўніцтва сядзібы будзе завершана да лета 2012 года.

Па інфармацыі старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры ім. Яна Чэрскага Алега Рудакова, праект атрымаў сваё развіццё дзякуючы падтрымцы віцэ-спікера Заканадаўчага Сходу Іркуцкай вобласці Генадзя Істоміна, які мае беларускія карані, і ад самага пачатку ўзнікнення праекту браў у ім актыўны ўдзел, у тым ліку і ўкладаў у будаўніцтва свае асабістыя сродкі.

«Ён памятае, як выглядаюць сапраўдныя беларускія хаты, і хоча ўзнавіць той побыт, — адзначае Алег Рудакоў. — У сувязі з асіміляцыяй, то бок стратай этнасам сваіх адметных рысаў, нашчадкі беларусаў бяруць на ўзбраенне сібірскія побыт і ўклад, а сядзіба дазволіць людзям ўявіць, як беларусы жылі, будавалі хаты, вялі гаспадарку».

Дом, які пабудаваны першымі беларускімі перасяленцамі, было вырашана перанесці на месца будаўніцтва музейнага комплексу з пасёлка Талстоўка Іркуцкай вобласці.

Хату ўжо паставілі, дах накрылі, вясной і летам наступнага года плануецца правесці ўнутранае аздабленне, паставіць печ. Алег Рудакоў адзначыў, што ўжо ёсць спецыяліст, які ведае, як класці беларускія печы, пры гэтым пячнік — жанчына. «Яна з гісторыка-этнаграфічнай пункту гледжання вывучала асаблівасці кладкі», — падкрэсліў Алег Рудакоў. Ужо распачата будаўніцтва падсобных гаспадарак каля дома, у адпаведнасці з побытам беларускіх перасяленцаў будуць пабудаваныя адрыны, хлявы і іншыя будынкі.

Будаўніцтва музейнага комплексу ў цэлым было прыпынена з-за адсутнасці фінансавання. Па словах Алега Рудакова, улады Баяндаеўскага раёна прадставілі праект на федэральным узроўні, і, магчыма, далейшае фінансаванне пачнецца ўжо ў пачатку 2012 года. «Але нават калі не, сваю сядзібу мы дабудуем усё роўна», — падкрэсліў Алег Рудакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?