У Менску адбыўся прыватны прэм’ерны паказ фільма рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы «Даволі! Да Волі…». Гэты дакумэнтальны фільм распавядае пра падзеі, што разгарнуліся ў Менску 19 снежня 2010, пасля прэзідэнцкіх выбараў, пра масавыя маніфэстаці і рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў. Праца над ім трывала цэлы год. Але, хоць гэты фільм распавядае пра палітычныя падзеі, ён зусім не… палітычны.

У фільме Ракіцкага і Куцілы ставяцца ня гэтак канкрэтныя палітчныя праблемы, як праблемы этычныя, маральныя, людзкія.
Бо перадусім аўтары ставілі сабе на мэце распавесці не пра лідараў грамадзянскае супольнасці, апазыцыі, кандыдатаў у прэзідэнты ды іх каманды, а пра канкрэтных людзей, менавіта шэраговых удзельнікаў акцыі пратэста 19 снежня. Вынікам паходу па Волю для болей як 700 чалавек сталі зьняволеньні ад некалькіх сутак да 6 гадоў. Добрыя і разумныя людзі ў тыя грозныя дні думалі пра будучыню — гэта важная і рэдкая якасць. І тыя, хто ўмее чуваць сэрцам, будзе згадваць пра іх з удзячнасцю. Вось жа многія з іх, гэрояў гэтага фільма, аўтары і запрасілі на прэм’ерны паказ. Сярод такіх гасцей была інжынер Тацяна Кім, Мікіта Ліхавід, Наста Палажанка ды іншыя, хто меў час і магчымасць сабрацца разам і ўпершыню ўбачыць гісторыю кінематаграфічную пра сваю гісторыю ўласную. А сябры і калегі рэжысёраў мелі магчымасць пачуць меркаваньне саміх герояў непасрэдна, з першых вуснаў…

Але спачатку было кіно. Доўгае і цяжкае, што пакідае магутнае ўражанне і не дае аслабіць увагу ні на хвіліну. Вусцішнае ўражаньне робяць на гледача рэальныя сведчаньні людзей пра збіццё, арышты і катаваньні. У выніку таго, што фільм здымаўся цягам цэлага году, гэтыя сведчанні, пераасэнсаваныя ўдзельнікамі падзеяў, вынашаныя імі і распаведзеныя аўтарам, становяцца праўдзівым гістарычным дакумантам.

Калі роўным спакойным голасам у ціхай студыі жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя кажуць пра здзекі і абразы, пра салідарнасць і сваю веру, цяжка душыць свае слёзы, не даючы ўласным пачуццям хлынуць навонкі.
Слухаць гэтых разважных, прыгожых і годных людзей асабліва цяжка. Эмацыйны катарсіс наступае пасярэдзіне фільма, калі на экране з’яўлюцца маткі і сваякі арыштаваных і засуджаных, якія крычаць нема, або заліваюцца слязьмі па сваі дзецях… Тыя кадры стварылі пералом у карціне, зьбіўшы яе з гераічнага тропу.

Фільм падзелены на паасобныя главы, напрыклад — Да Волі, Сцяна, Краты, паміж якімі стаяць асобныя гісторыі асобных людзей, што здымаліся цягам году.

Гэта гісторыя шэраговых людзей, якіх нішто не зламіла.
І слухаючы іхныя словы, якія даюцца каму лягчэй, каму цяжэй, разумееш, што шлях да волі ляжыць праз пакуты. І гэтыя пакутнікі ясна ўсведамляюць гэта. І не шкадуюць пра раны свае душы. Бо яны былі ня марныя. Прынамсі на тое спадзяюцца яны й стваральнікі гэтага фільма.

Фільм Ракіцкага і Куцілы зняты ў манахромнай гаме: белы сьнег, бель сьцягоў і чырвань на іх, чырвань на сьнезе, а яшчэ чорнае неба і чорныя адзежы тых, хто рве сцягі, б’е жанчынаў і хаваецца за чорныя маскі. Гэтая скупая каляровая гама надае фільму асаблівы дух гістарычнае аб’ектыўнасці. Як і кадры з саміх гістарычных аб’ектаў — сумнавядомае «Валадаркі», што, аказваецца, сперазалі стальнымі цягамі, каб не развалілася дашчэнту, «Амэрыканкі», дзе катавалі ды забівалі за беларушчыну яшчэ ад часоў Сталіна… Нечувана, безнадзейна дэпрэсіўнымі аказаліся кадры з нішчымных ваколіцаў і вуліцаў Талькі, дзе жыве пазбаўленая працы настаўніца Тацяна Іллініч ды Асіповічаў, дзе жыве яшчэ адзін герой фільма — Ігар Сімбіроў. Гэтая нішчыміца дашчэнту разбівае ўсялякія міты пра квітнеючую краіну і ад гэтага ў гледачоў з’яўляецца супярэчлівае пачуццё іррэальнасьці гэтае брутальнае банальнальнасьці. Бо менавіта так, як у гэтых мястэчках, або на ўскраінах вялікіх гарадоў і мінае штодзённасць бальшыні беларусаў. Мінімалізм сродкаў, што скарысталі аўтары, яшчэ больш падкрэслівае іх свядомае ўніканне ўласных камэнтароў, уласных эмоцыяў. Праца над дакументальным фільмам — школа праўды. Блізу ўвесь тэкставы шэраг прамоўлены вуснамі гэрояў 19 снежня. І пра гэтую задачу і пра тое наколькі нязносна складана было выслухаць гэтых людзей, а пасля зноў і зноў вяртацца да іх горкіх і цяжкіх словаў падчас працы, падчас прэзентацыі казаў Вячаслаў Ракіцкі.

Але пазьбегнуўшы дыдактыкі і мітынговага патасу, аўтары далі магчымасць выказацца і тым, хто не стаўшы быў непасрэднымі персанажамі фільма — тысячам беларусаў на плошчах і вуліцах.

Таму асабліва кранальным і важным стаўся выступ пасьля паказу фільма клясыка дакумэнталістыкі Віктара Нічыпаравіч Дашука, настаўніка абодвух рэжысёраў. Ён правёў паралелі з цяперашнім паноўным рэжымам і нацыстамі, пра дзейнасць якіх Дашуку ведама як нікому. Звяртаючыся да тых, хто сабраўся на прэм’еру, славуты дакумэнталіст паставіў перад сабой і гледачамі найцяжэйшае пытанне: як адбываецца гэты пераход у тых, хто працуе на рэжым, ад людзкасці да бязлітаснага шаленства? А яшчэ, дадаў Дашук, ён убачыў у фільме таленавітах грамадзянаў. Бо ў нас не бракуе творцаў — таленавітых пісьменнікаў ці мастакоў, а вось жа таленавітых Грамадзянаў — вобмаль…

Тацяна Кім, у сваю чаргу сказала, што менавіта такі фільм і быў патрэбны. Ёй і іншым удзельнікам тых гістарычных падзеяў. Бо, як казала яна, доўгі час нват баялася выйсці на тую плошчу, дзе па-зверску збівалі людзей, падлеткаў і жанчынаў… Пранікнёна і годна падзячыла аўтарам і Наста Палажанка. Іхны шлях да Волі працягваецца.

Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла стварыўшы свой фільм «Даволі! Да Волі…» распавялі нам пра цэлы год жыцця Беларусі, няпросты і драматычны год нашага жыцця.

І азіраючыся на гэты год, згадваючы 1996, 1991, 1988, урэшце, калі людзі рушылі на Курапаты, мы ўсведамляем, наколькі доўгая нашая дарога і наколькі неацэнным ёсць вычын тых, хто выйшаў на вуліцы і плошчы Мінска 19 снежня 2010 году. Бо яны ня страцілі надзеі і не зламіліся ў адчаі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?