ДАІ Рагачоўскага РАУС (Гомельская вобласць) праводзіць праверку па факце буйнога дарожна-транспартнага здарэння.

Каля сямі гадзін раніцы 16 снежня ў Рагачоўскім раёне на аўтадарозе Віцебск — Гомель адбылося лабавое сутыкненне двух аўтамабіляў «Форд Транзіт», паведамілі ў ДАІ. Адзін з мікрааўтобусаў зарэгістраваны ў Беларусі, другі — ва Украіне.

Па адной з версій, кіроўца украінскага аўтамабіля заснуў за рулём і выехаў на сустрэчную паласу. Дакладныя прычыны ДТЗ устанавіць пакуль не могуць, паколькі абодва кіроўцы знаходзяцца ў бальніцы і не могуць расказаць пра здарэнне.

Паводле папярэдняй інфармацыі, ва ўкраінскім мікрааўтобусе знаходзіліся шэсць грамадзян Украіны, якія вярталіся дадому цераз Беларусь з Расійскай Федэрацыі. Ніхто з іх не загінуў. Былі шпіталізаваныя тры ўкраінцы і гамяльчанін — кіроўца беларускага аўтамабіля. Адзін пацярпелы, пасажыр-украінец, ужо выпісаны і паехаў дадому, яшчэ два пакуль застаюцца ў Рагачоўскай раённай бальніцы з траўмамі сярэдняй цяжкасці.

Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Украіны Аляксандр Дзікусараў, расследаванне прычын ДТЗ знаходзіцца на асаблівым кантролі ва ўкраінскім пасольстве ў Беларусі. Плануецца, што два шпіталізаваныя грамадзяніны Украіны адправяцца дадому ўжо сёння, 17 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?