Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» чарговы раз абвінаваціў кіраўніцтва Расеі ў шантажы Беларусі і дзеяньнях пад дыктоўку Захаду. «Я ўжо некарэктна паводжу сябе ў адносінах да расейскага кіраўніцтва, але далей цярпець гэтую вакханалію і бязьдзейнасьць немагчыма,» – сказаў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік таксама назваў «дурным» праект пабудовы газаправода з Расеі ў Эўропу ў абыход Беларусі па дне Балтыйскага мора.
«Эхо Москвы» таксама цытуе словы Лукашэнкі пра тое, што толькі трыццаць адсоткаў жыхароў Беларусі падтрымліваюць ідэю аб’яднаньня з Расеяй. Прычына, на думку Лукашэнкі, у палітыцы расейскіх уладаў, «якія накінулі Беларусі пятлю на шыю».
«Пра які саюз можна казаць, калі фабрыка, калгас, прыватнік у Расеі маюць прывілеяваныя ўмовы, атрымоўваючы газ у тры разы таньнейшы, чым суб’екты гаспадараньня ў Беларусі, – сказаў Лукашэнка. – Каму патрэбны такі саюз, калі нас такім чынам прыгнятаюць».
Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію «Эхо Москвы», што Расея больш ніколі ня будзе імпэрыяй, бо ў яе няма для гэтага рэсурсаў, яна сама ўсё страціла, адмовіўшыся «плаціць за тое, каб падцягнуць да сябе рэспублікі». «Расея нічым не зацікавіла былыя рэспублікі СССР,‑‑ сказаў Аляксандар Лукашэнка.‑‑ У Расеі няма эфэктыўнай вонкавай палітыкі, калі гэта не зьвязана зь нечымі асабістымі інтарэсамі. Але раней ці пазьней расейскі народ устане з каленяў і прымусіць праводзіць тую палітыку, якую трэба».
Беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь робіць для Расеі шмат бясплатных паслугаў: транзыт на сотні мільёнаў даляраў, абарона межаў, мытнае афармленьне тавараў. Пры гэтым спадар Лукашэнка зазначыў, што сёньня Беларусь «фактычна знаходзіцца ў складзе Расеі, больш чым у складзе Расеі, расейскаму чалавеку тут лепей, чым у самой Расеі».
Нягледзячы на нэгатыўныя ацэнкі на адрас Расеі спадар Лукашэнка фактычна абяцаў, што нейкага павароту ў ягонай палітыцы ня будзе. Паводле Лукашэнкі, ён не зьбіраецца ствараць «праамэрыканскую сыстэму» каля Смаленска.