Аляксандр Мілінкевіч: «Гэты светлы чалавек мог займацца палітыкай, застаючыся такім жа чыстым»

— Ёсць вялікія людзі: пісьменнікі, палітыкі, мастакі. Але для мяне Вацлаў Гавел быў чалавекам з вялікай літары, у якім гэта ўсе спалучалася. Ён здолеў спалучыць неверагодны грамадскі аўтарытэт з эфектыўнай палітычнай дзейнасцю. Кажуць, што палітыка — брудная справа… Але гэты светлы чалавек мог займацца палітыкай, застаючыся такім жа чыстым, на карысць свайго народа.

Ён быў чалавек вялікіх маральных вартасцяў, і чэхам пашчасціла, што ён быў такім. Гэта велічэзная страта… Гавел шмат высілкаў траціў на карысць дэмакратыі ў Беларусі. Ён пастаянна пераконваў еўрапейцаў, што без Беларусі Еўропа не будзе паўнавартай, як і Беларусь, без еўрапейскай культуры. Заўседы даводзіў, што Беларусь — еўрапейская нацыя. Мы страцілі вялікага чалавека.

Уладзімір Някляеў: «Я успамінаю ягоныя словы, якія ён сказаў у гады Праскай рэвалюцыі, калі здавалася, што ўсё бесперспектыўна»

— Я ведаў, што Вацлаў Гавел хворы і час прыспешваў. Ён спецыяльна адмаўляўся апошнім часам ад палітыкі і грамадскай дзейнасці, паехаў здымаць кіно, хацеў дарабіць сваю літаратурную справу. Для мяне гэта вельмі паказальна, я калі дазнаўся пра яго сыход, падумаў пра тое — ці дакладна мы ў нашым лёсе выбіраем шляхі? Калі думаеш пра Гавела, разумееш, што ён дакладна ўсё выбраў. Яго намаганнямі і з яго ўдзелам Чэхія стала сапраўднай еўрапейскай краінай.

На жаль, нашы страты часам перавышаюць здабыткі. Я ўспамінаю ягоныя словы, якія ён сказаў у гады Праскай рэвалюцыі, калі здавалася, што ўсё бесперспектыўна. Ён сказаў: «Ніколі не ведаеш, калі ўпадзе тая сняжынка, якая выкліча лавіну». Гэта мог сказаць не толькі палітык, але і таленавіцейшы літаратар. Еўропа, свет, страцілі аднаго з тых, хто больш за сябе любіў свабоду, мысліў катэгорыямі будучыні і ў сваіх справах і жыцці быў бездакорным чалавекам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?