Наш сталы чытач Ільля Заранок з Горак на мінулым тыдні заклапочана папытаўся, ці можна будзе падпісацца на «ARCHE» ў наступным годзе. У камэнтах я прыватна адказаў яму, што, натуральна, так.
Лічу сваім абавязкам адказаць на гэтае пытаньне і публічна — г.зн. усім людзям, для якіх наш часопіс нешта значыць.
Ільля Заранок, які гадоў зь дзесяць чытае «ARCHE», тутака выражае калектыўны неспакой. Сапраўды, у цяперашні час у нашай краіне магчымае ўсё, што хочаш.
Палітычны і крымінальны перасьлед журналістаў, выдаўцоў і распаўсюднікаў стаў знакам нашага часу.Нагадаю адно пра выпадак калішняга распаўсюдніка і пазьнейшага заснавальніка інтэрнэт-кнігарні knihi.by Алеся Яўдахі: у рамках крымінальнай справы супраць яго праходзіць болей за 200 чалавек, а самому Алесю «сьвеціць» да трох гадоў пазбаўленьня волі.
Так тутэйшы рэжым спрабуе абмежаваць распаўсюджаньне ідэй свабоды і зрабіць сваё існаваньне вечным. У імя гэтага створана драконаўскае заканадаўства ў галіне кнігадрукаваньня і сродкаў масавай інфармацыі, якога няма больш нідзе ў нашай частцы Эўропы.У імя гэтага у рэдакцыях рэгулярна ідуць ператрусы, а журналістаў садзяць у турму ці дэпартуюць за мяжу.
Але лукашэнкаўскі палітычны і ідэалягічны кантроль мае свае межы. Сама ідэалягічная вэртыкаль уладкавана так, што рашэньні ў ёй прымаюцца на самым версе. І
прызнаць, што часопіс з гадавым накладам 5-7 тыс. асобнікаў падрывае інфармацыйную бясьпеку Рэспублікі Беларусь — значыць яшчэ паказаць, чаго варты гэты рэжым.Па-другое, гэты рэжым валюнтарысцкі: пару гадоў нам нават удалося дабіцца паправак у пасьведчаньне аб рэгістрацыі, згодна зь якімі наша выданьне зь «літаратурна-мастацкага» на законных падставах ператварылася ў масава-палітычнае, навукавае і навукова-папулярнае, хоць юрысты Міністэрства інфармацыі гаварылі ў калідорах, што гэта немагчыма.
І нарэшце самае галоўнае: «ARCHE» выходзіць ужо другі дзясятак гадоў дзякуючы ня ўладам, ад якіх мы не атрымалі нічога, апрача звыклага арсэналу сродкаў аўтарытарнага ўзьдзеяньня, а дзякуючы вашай увазе і ахвярнасьці.Цяпер у рэдакцыі працуюць некалькі рэдактараў: пасадзяць аднаго, яму на зьмену прыйдуць другія. Забароняць друкавацца ў Беларусі, будзем друкавацца па-за яе межамі.
Ёсьць усяго толькі адзіны варунак для гэтага — твая ўвага да нашага часопіса.
Падпішыся на «ARCHE» . Падпісны індэкс — 00345.