Менскі раённы суд 12 лютага адхіліў грамадзянскі пазоў Юр'я Васкрасенскага да лідэра Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) Сяргея Калякіна і газэты «Товарищ».

Васкрасенскі патрабаваў ад адказчыкаў выплаціць яму 150 млн. рублёў кампэнсацыі за маральную ўкоду. Калякін у дакладзе на дзясятым зьезьдзе ПКБ 15 чэрвеня 2006 году назваў Васкрасенскага — былога сябру бюро ЦК КПБ і былога сакратара ЦК ЛКСМБ — «палітычным прайдзісьветам». Даклад надрукавала пазьней газэта «Таварыш».

Паводле судзьдзі Марыі Фёдаравай, зробленая Калякіным характарыстыка адносіцца да палітычнай палемікі і ня можа быць прадметам разбору. Фёдарава спыніла вытворчасьць справы, як і некалькі месяцаў раней, па такіх жа прычынах, адхіліла іскі ПКБ да газэтаў «Рэспубліка» і «Белорусская нива».

— Калякін даў толькі ацэнку палітычных якасьцяў Юрыя Васкрасенскага, — сказаў галоўны рэдактар «Таварыша» Сяргей Вазьняк. — Суд прызнаў, што гэта палітычная палеміка, якая ня можа быць прадметам разбору.

Сам Калякін камэнтаваць рашэньне суду ня стаў.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?