Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталя Рымашэўскага каля 20:30 выпусцілі з Фрунзенскага РУУС, не патлумачыўшы прычыну затрымання.
Як распавёў палітык, яго затрымалі прыкладна а 16-й гадзіне каля дома ў мікрараёне Сухарава. Трое невядомых без тлумачэння накінуліся на яго пры выхадзе з пад’езда, не прадстаўляючыся, закінулі ў мікрааўтобус і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС.
Там Віталю Рымашэўскаму таксама нічога не тлумачылі,
толькі прыкрылі шыльду ў кабінеце, у які завялі.Гэтак жа без тлумачэння палітыка потым і вызвалілі. Пры гэтым ён адзначыў, што ў РУУС яго прыкулі да лаўкі. У такім стане ён правёў каля чатырох гадзін:
«Усё адбывалася па той самай схеме, як і 19 снежня мінулага года. Гэтак жа затрымлівалі, не прадстаўляліся і кідалі ў такі самы аўтобус. Адзінае, што тады было больш брутальна — зараз не білі па галаве.
Больш нічога не змянілася.Тым самым улады паказваюць, што чалавека могуць затрымаць у любы момант».
0
0
0
0
0
0