У Маскве выйшаў дзясяты нумар літаратурна-навуковага альманаха «Скарыніч».

У новым «Скарынічу» публікуюцца матэрыялы, прысвечаныя ўгодкам М.Багдановіча, Ул. Караткевіча, Б.Тарашкевіча і М.Улашчыка. Прыводзяцца малавядомыя старонкі спадчыны М.Лабойкі, І.Грыгаровіча, І.Насовіча, П.Шпілеўскага, В.Ластоўскага, Я.Хлябцэвіча, Ул. Дубоўкі. Падарожнае эсэ, лісты Я.Хлябцэвіча пра Ясную Паляну, Л.Талстога дадаюць яскравы штрых да творчага партрэта пісьменніка-«нашаніўца», аднаго з лідараў беларускага студэнцкага руху ў Пецярбургу пачатку ХХ стагоддзя, багацяць тагачасную хроніку беларуска-расійскіх літаратурных сувязей».

Упершыню друкуюцца ўспаміны пра Б.Тарашкевіча яго другой жонкі Н.Палянскай, лагерныя ўспаміны з «Хронікі» і лісты М.Улашчыка, матэрыялы Багдановічавых чытанняў (1991 г.), старонкі з спадчыны Ул. Дубоўкі, Ул. Караткевіча.

Доўжыцца тэма прысутнасці Беларусі і беларуса ў расійскай, маскоўскай прасторы, уключна з таемным лёсам крыжа Еўфрасінні Полацкай. Асобным раздзелам «З Масквы гледзячы» вылучаны шматвяковая прысутнасць, пачуванне беларусаў у Маскве.

У раздзеле «Беларусь учора і сёння» аналізуюцца міжнародныя сувязі Беларусі, у тым ліку ў гістарычным кантэксце, пачынаючы з беларуска-літоўскай мінуўшчыны. Абмяркоўваюцца няпросты стан сучасных адносін з суседзямі і неабходнасць выхаду Беларусі — краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні геапалітычных рухаў на кантыненце — на шырокую дарогу шматбаковай еўрапейскай інтэграцыі.

У раздзеле скарыназнаўчых матэрыялаў, «Scoriniana», увазе чытачоў прапануюцца нататкі I.Лабойкі, I.Грыгаровіча, П.Шпілеўскага, I.Насовіча, чый след у станаўленні новай беларускай літаратуры дасюль па-належнаму не асэнсаваны і не ацэнены.

Друкуюцца архіўныя сведчанні пра адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, пра эміграцыю — БНР 1920-х гадоў. Матэрыялы раздзелу «Vаria» — яшчэ адно, малавядомае сведчанне пакручастага, драматычнага шляху беларусаў да ўласнае дзяржаўнасці.

Альманах «Скарыніч» выдаецца з 1991 года беларусамі Масквы пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара Аляксея Каўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?