Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звяртаецца да грамадскасці з заклікам «Выратуем Зыбіцкую разам!»
Таварыства настойвае на правядзенні грамадскага абмеркавання рэканструкцыі мінскай вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай).

«Усе, каму баліць за гісторыка-культурную спадчыну Беларусі! Давайце аб’яднаемся і прыкладзем супольныя намаганні, каб выратаваць адзін з унікальных куткоў гістарычнага цэнтра Мінска — правы бок вуліцы Зыбіцкай (Гандлёвай). Пытанне аб забудове тэрыторыі паўстала даўно. Ні адзін з прадстаўленых праектаў не адпавядаў і не адпавядае заканадаўству і дзейным методыкам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны», — гаворыцца ў звароце таварыства.

Старшыня таварыства Антон Астаповіч падкрэсліў, што летась Таварыствам аховы помнікаў быў распрацаваны эскізны праект рэгенерацыі дадзенай тэрыторыі, якім прадугледжанае аднаўленне страчаных гістарычнай планіровачнай структуры, будынкаў і збудаванняў, гістарычнага ландшафту.

«Высокі прафесіяналізм даследчыкаў і распрацоўшчыкаў эскізнай прапановы ГА БДТАПГК быў пацверджаны і сёлета перамогай у намінацыі «Рэстаўрацыя, рэканструкцыя і аднаўленне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны» на міжнародным архітэктурным конкурсе «Леанарда-2011», — падкрэсліў Астаповіч.

Праект-пераможца быў увогуле адзіным беларускім на «Леанарда», намінацый жа на конкурсе было сем.

Але нягледзячы на высокія ацэнкі, праектная прапанова была праігнараваная на афіцыйным узроўні,
а Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўзгадніла праект афіцыйны (распрацоўшчык — «Мінскпраект»), хаця і прапанавала дапрацаваць яго згодна з нацыянальнымі нарматыўнымі, міжнароднымі метадычнымі дакументамі, улічыць прапановы Таварыства.

Са словаў Астаповіча, ужо знайшліся інвестары, — дарэчы, з Расіі. Такім чынам над Зыбіцкай (Гандлёвай) навісла пагроза. Фактычна пачалося праектаванне з боку «Мінскпраекта» і «Грамадзянпраекта»; эскізная прапанова, якая, паводле Астаповіча, не адпавядае аніводнаму крытэру правядзення прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях, у верасні ўзгодненая для далейшай працы Навукова-метадычнай радай.

«І, як вынік, неўзабаве будзе страчаная гэтая ці не апошняя пляцоўка гістарычнага цэнтра, дзе працы можна было б выканаць бездакорна, а вынікам ганарылася б уся Беларусь і яе грамадзяне», — гаворыць старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Астаповіч лічыць, што застаецца адзіны шанец — аб’яднацца: «Таму заклікаем абараніць кавалачак гістарычнага цэнтра Мінска разам. Гэта можна зрабіць праз грамадскае абмеркаванне, якое прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687, якая прадпісвае працэдуру такіх абмеркаванняў, у тым ліку праектаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, і якой зацверджанае Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці».

Таварыства прапануе грамадзянам накіроўваць на адрас Мінгарвыканкама (220050, пр. Незалежнасці, 8, г. Мінск) адпаведныя лісты, узор можна спампаваць адсюль.

Так Таварыства хоча прымусіць чыноўнікаў выканаць заканадаўства і правесці грамадскае абмеркаванне па Зыбіцкай. Астаповіч разлічвае на тое, што мінчукі не будуць абыякавымі. Паводле ягоных звестак, такія лісты ўжо напісалі некалькі вядомых у Беларусі людзей, а таксама старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

«Для нас важная маральная падтрымка. Калі грамадскасць не падтрымае ідэі правядзення грамадскага абмеркавання ці падчас такога абмеркавання дадуць згоду на афіцыйны праект, паўстане пытанне — для каго тут працаваць.

Тады застанецца толькі сказаць: мы заслужылі свой лёс», — падкрэслівае Астаповіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?