13 лютага на сядзібе Партыі БНФ прайшла прэс-канфэрэнцыя, на якой было абвешчана пра пачатак новай грамадзянскай кампаніі «Беларусь – у Раду Эўропы». Яе ініцыятарамі сталі праваабаронца Ігар Леднік, адвакат Ігар Рынкевіч, Ірына Казуліна, прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, Вячаслаў Сіўчык, моладзевыя актывісты Павал Красоўскі, Юры Карэтнікаў ды Зьміцер Хведарук.

Ігар Рынкевіч на прэс-канфэрэнцыі зазначыў, што Беларусь не павінна заставацца адзінай краінай кантынэнту, не прадстаўленай у Радзе Эўропы. Паколькі, на думку ініцыятараў кампаніі, заявы кіраўніцтва краіны пра лібэралізацыю — бутафорыя, грамадзтва само мусіць праявіць ініцыятыву. Подпісы за 12 прапановаў Эўразьвязу ўжо зьбіраюць прадпрымальнікі, і распачнуць зьбіраць – моладзевыя актывісты. У найбліжэйшы час для дэмакратычнай грамадзкасьці будзе прадстаўлены Мэмарандум пра беларуска-эўрапейскія стасункі.

Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі таксама заяўлялі пра падрыхтоўку Заключэньня аб прававым статусе Лукашэнкі, якое абапіраецца на высновы камісіі Віктара Ганчара. Дакумэнт будзе прымеркаваны да Кангрэсу Дэмсілаў.

Новая грамадзянская кампанія мае тры адрасаты. Першы – само беларускае грамадзтва, эўрапейскія памкненьні якога стануцца відавочнымі й праяўленымі. Другі адрасат – Эўропа, трэці адрасат – сама ўлада.

Пакуль ініцыятыва выглядае сырою. «Мы зьбіраліся прадставіць кампанію толькі праз тыдзень – кажа І. Рынкевіч, – але сьпяшаліся. 13 лютага ПАСЭ разглядае сытуацыю ў Беларусі, а 14-га – дзень Сьвятога Валянціна і трэба абараніць моладзь».

Але, як казаў савецкі палітычны дзяяч, — «працэс пайшоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?