Цікава, што рассылка пра з'яўленне сайта, які называе сябе «Афіцыйным сайтам беларускай рэгіянальнай арганізацыі РНЕ», была зроблена 18 снежня, а 19-га адбыўся эпатажны перформанс у Мінску. Фемен-істкі заявілі, што іх затрымалі людзі, якія прадставіліся міліцыянтамі, правазілі ноч у машынах, а ўранку перадалі асобам, якія вывезлі іх у лес і здзекаваліся.

Са словаў Фемен-істак, тыя называлі сябе РНЕшнікам і фатаграфавалі іх голымі са свастыкамі.

Затрымаць дзяўчат у Мінску маглі толькі прадстаўнікі адной з сілавых структур.

З’яўленне за дзень да гэтых падзей сайта арганізацыі, якая доўгія гады бяздзейнічала, звяртае на сябе ўвагу.
Звесткі аб датычнасці РНЕ да выкрадання актывістак Femen з’яўляюцца правакацыяй, паведаміў сайт РНЕ-Беларусь са спасылкай на «ўпаўнаважанага прадстаўніка» гэтай незарэгістраванай арганізацыі, з якім яны скантактаваліся. «Нашы людзі іх не чапалі, як бы каму ні хацелася гэта ўявіць. Развіваецца найгрубейшая правакацыя, а вось мэта, характар ​​і хто стаіць за гэтым — мы разбярэмся ў найбліжэйшы час», — адзначаецца ў паведамленні.
РНЕ — гэта расійская неанацысцкая арганізацыя, што ўзнікла ў 1990-х.
Яе суполкі ўтварыліся і ў Беларусі. Аднак іх публічная дзейнасць затармазілася на пачатку 2000-х пасля забойства лідара, Глеба Самойлава. Лічыцца, што своеасаблівым інструктарам у суполках быў Валерый Ігнатовіч — былы баец «Алмаза», якога пасля смерці Самойлава асудзілі за шматлікія злачынствы. Пра арганізацыю падрабязна пісалі на пачатку 2000-х.

Паэт Славамір Адамовіч у 1999-м пранік унутр арганізацыі, каб зрабіць пра яе публікацыю ў «Нашай Ніве». Неўзабаве пасля той публікацыі яго да крыві збілі двое ў пад’ездзе дома, дзе месцілася Рэдакцыя «НН». Перад ягоным прыходам на лесвіцы бачылі дзіўнага чалавека з палачкай. Пасля відавочцы сышліся, што гэта быў Ігнатовіч.

І ў Расіі, і ў Беларусі арганізацыя зменшыла сваю актыўнасць у апошняе дзесяцігоддзе. У 2007-м у Гомелі КДБ арыштаваў двух актывістаў РНЕ
і прынамсі адзін з іх быў асуджаны да турэмнага зняволення за прыналежнасць да незарэгістраванай арганізацыі.

Актывісты РНЕ ў Расіі крытычна ставяцца да Пуціна.

Абвяржэнне датычнасці РНЕ да выкрадання ўкраінак стаіць — адзін з нешматлікіх матэрыялаў на іх беларускім сайце. Дзейнасць незарэгістраваных аддзяленняў замежных палітычных ці грамадскіх арганізацый у Беларусі забаронена законам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?