Сёньня ў Парыжы на пасяджэньні палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прызначылі спэцыяльнага дакладчыка ў справе Беларусі. Ім стаў італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні.

Старшыня падкамітэту па Беларусі, які дзейнічае ў рамках паліткамітэту, эстонскі дэпутат Андрэас Хэркель патлумачыў, што апошнім спэцдакладчыкам, які падаў даклад на разгляд Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, быў Хрыстас Пургурыдэс. Нагадаю, гэты даклад быў прысьвечаны палітычным зьнікненьням у Беларусі.

Але потым два дакладчыкі ня мелі магчымасьці завяршыць сваю працу. Да прыкладу, азэрбайджанскі дэпутат Азім Малазадэ пасьля выбараў не ўвайшоў у склад азэрбайджанскай дэлегацыі ў ПАРЭ. Часткова гэтую працу выконваў сам спадар Хэркель, калі патрэбна было тэрмінова падрыхтаваць даклад у зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Аднак паводле практыкі, старшыня падкамітэту ня можа быць адначасова й спэцдакладчыкам. Спадар Хэркель спадзяецца на супрацоўніцтва з новым спэцдакладчыкам па Беларусі — спадаром Андрэа Рыгоні.

Спадар Хэркель патлумачыў, чаму неабходны дакладчык па Беларусі.

Херкель: «Бо пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, тычацца ня толькі выбараў. А гэта тычыцца ўсяго спэктру падзеяў, якія адбываюцца ў гэтай дзяржаве. Даклад у справе Беларусі неабходна ў найбліжэйшай будучыні падаць у Парлямэнцкую асамблею. І спадзяюся, што спэцыяльны даклад будзе яшчэ ў 2007 годзе».

Паводле спадара Хэркеля, сытуацыя ў Беларусі пакуль не памянялася да лепшага.

Хэркель: «Мы вельмі ўважліва сочым за тым, што адбываецца. З гледзішча дэмакратычнага разьвіцьця, на жаль, пазытыўных зрухаў не было. Канечне, быў візыт прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі, але пакуль немагчыма зрабіць нейкіх высноваў пра тое, які гэта мела ўплыў».

Спадар Хэркель назваў вельмі разумнымі патрабаваньні эўрапейцаў, якія мусяць выканаць беларускія ўлады.

Хэркель: «І пытаньні пра палітзьняволеных, няўрадавыя арганізацыі й свабоду слова — гэтыя патрабаваньні застаюцца асноўнымі. Каб Беларусь вярнула сабе статус спэцыяльна запрошанай у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, трэба мець пазытыўныя зрухі. Пры цяперашняй сытуацыі, я не бачу, што нешта памянялася».

Расейскі дэпутат Канстанцін Касачоў заявіў, што «дакладчык павінен быць аб’ектыўны й бесстароньні».

Касачоў: «Увогуле, лінія, якую вядзе Эўразьвяз на татальную ізаляцыю Беларусі, — контарпрадуктыўная, бо спрыяе толькі кансэрвацыі тых праблемаў, якія існуюць унутры Беларусі й якія мы ў Расеі таксама бачым і прызнаем. Але, калі мы хочам дапамагаць і кіраўніцтву, і народу Беларусі, то рабіць гэта трэба праз дыялёг, а не праз ізаляцыю. У гэтым сэнсе пазыцыя кіраўніцтва ПАРЭ і асабіста ван дэр Ліндэна, які нядаўна наведаў Менск, уяўляецца нам значна больш мудрай і пэрспэктыўнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?