Экс-кандыдат у прэзыдэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў разам з былымі палітвязьнямі Сяргеем Казаковым, Дзьмітрыем Драздом і Паўлам Вінаградавым паспрабаваў перадаць у амбасаду Ўкраіны букет бел-чырвона-белых ружаў для актывістак жаночага руху «Femen», якія 19 сьнежня ўдзельнічалі ў акцыі ля будынку КДБ у Менску.

Аднак, як расказаў спадар Някляеў,

ніхто з прадстаўнікоў дыпляматычнай місіі да іх так і ня выйшаў.
Паэту ўдалося пагаварыць праз дамафон толькі зь дзяжурным па амбасадзе, які спаслаўся на тое, што нікога з адказных супрацоўнікаў на працы няма, а ён не ўпаўнаважаны сыходзіць са свайго месца.

Як кажа спадар Някляеў,

давялося пакінуць букет у агароджы, а ўдзячнасьць мужным дзяўчатам перадаць у вуснай форме:

«Мы хацелі перадаць для ўкраінскіх дзяўчат, якіх у Беларусі жорстка абразілі, зьдзекаваліся, гэты букет — знак нашага захапленьня іх мужнасьцю. А таксама прынесьці прабачэньні за тыя дзеяньні, якія дапусьцілі ў адносінах да жанчын беларускія ўлады. Няхай ва Ўкраіне ведаюць, што ня ўсе беларусы моўчкі прыглынаюць любое злачынства, што мы не пакорны статак, над якім можна глуміцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?