Прапанову аб змяненні межаў паміж Магілёўскай і Віцебскай абласцямі намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Шкрэдаў лічыць абгрунтаванай.

На апошняй сесіі Віцебскага аблсавета было прынята рашэнне прапанаваць рэспубліканскім уладам змяніць адміністрацыйныя межы Аршанскага і Шклоўскага раёнаў.
У выніку планаванага змянення адміністрацыйных межаў Шклоўскаму раёну Магілёўскай вобласці адыдуць 142,93 га зямлі, што знаходзіцца цяпер у мяжы Зубрэвіцкага і Усцінскага сельскіх саветаў, а Аршанскаму раёну будзе перададзена 244,45 га зямель Шклоўскага.
"Ёсць такое паняцце, як нязручнасць землекарыстання — цераспалосныя ўчасткі, далёказямелле, ламаная мяжа, нязручнасць карыстання зямлёй як асноўным сродкам вытворчасці для сельскагаспадарчага выкарыстання, —
сказаў Шкрэдаў. — Гэтая мяжа адна з самых няроўных у вобласці. Мы прыводзім яе ў адпаведнасць. Будзе прасцей апрацоўваць і выкарыстоўваць гэтую зямлю як для Аршанскага раёна, так і для Шклоўскага".

Паводле яго слоў, у выніку змянення мяжы не пацерпіць ні адзін з бакоў, таму што сельскагаспадарчыя, ворныя землі аддаюцца ў роўнавялікіх долях.

Адказваючы на пытанне, чаму гэтае змяненне не было зробленае раней, намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы патлумачыў, што "не было неабходнасці".

"Да лютага 2012 года мы павінны выйсці ў Савет міністраў з нашымі прапановамі, каб затым выйсці ў Адміністрацыю прэзідэнта з праектам змянення мяжы. Вынік будзе дзесьці вясной наступнага года", — адзначыў Шкрэдаў.

Паводле яго слоў,

за апошнія 10 гадоў у Беларусі не было падобнага змянення межаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?