Калі хтосьці думае, што пра валютныя праблемы ў Беларусі можна канчаткова забыць, то ён сур’ёзна памыляецца.
Непрыемныя падатковыя наступствы валютнага крызісу ўсё яшчэ ўяўляюць пагрозу для беларускага бізнэсу. Аўдытары расказалі інтэрнэт-газеце Naviny.by пра падатковыя пасткі, якія пакінуў пасля сябе валютны крызіс.

Штучны прыбытак

Дэвальвацыя рубля справакавала павелічэнне падаткаабкладальнай базы прадпрыемстваў, якія займаюцца замежнаэканамічнай дзейнасцю. Гэта можа прывесці да таго, што падатковая нагрузка на бізнэс можа вырасці.

«Беларускія прадпрыемствы ў гэтым годзе сутыкнуліся з штучным завышэннем падатку на прыбытак. Гэта звязана з працягласцю вытворчага цыклу, на які наклалася дэвальвацыя беларускага рубля», — кажа аўдытар Аляксандр Жук.

Паводле яго словаў, двухступенная дэвальвацыя беларускага рубля прывяла да ўзнікнення вялікіх курсавых розніц, у выніку чаго прыбытак прадпрыемстваў штучным чынам атрымалася большым.

«У пачатку года прадпрыемства купляла сыравіну па курсе 3000 рублёў за даляр, а рэалізоўвала яго (у складзе гатовай прадукцыі) па курсе 8000. На ўзніклую курсавую розніцу прадпрыемствы павінныя сёння выплаціць падатак на прыбытак. Аднак, пачынаючы новы вытворчы працэс, прадпрыемству давядзецца купляць сыравіну ўжо па 8000. Таму ў выніку штучнага завышэння прыбытку вымываюцца абаротныя сродкі прадпрыемстваў», — канстатуе Аляксандр Жук.

Каб мінімізаваць уплыў курсавых розніц на дзейнасць прадпрыемстваў, эксперт рэкамендуе выкарыстоўваць розныя інструменты.

Першы варыянт арганізацыйны і заключаецца ў памяншэнні тэрмінаў разлікаў па замежнаэканамічнай дзейнасці. Аднак гэты варыянт не заўсёды можна рэалізаваць з розных прычын — працягласці вытворчага цыкла, дамоўных адносін.

Другі варыянт — спісанне курсавых розніц на пазарэалізацыйныя выдаткі, у склад якіх уваходзяць выдаткі, не звязаныя з вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі.

«Сёння заканадаўства не абмяжоўвае магчымасці прадпрыемстваў па спісанні курсавых розніц на пазарэалізацыйныя выдаткі. Кожнае прадпрыемства сёння самастойна вызначае памер курсавых розніц, што адносяцца на пазарэалізацыйныя выдаткі», — кажа Аляксандр Жук. Такая практыка дазваляе прадпрыемствам не пераплачваць падатак на прыбытак.

Аднак калі на пазарэалізацыйныя расходы прадпрыемствы пачнуць спісваць вялікія курсавыя розніцы, не выключана, што на гэта могуць звярнуць увагу падатковыя органы.

Узяў валюту — даплаці падаткі?

Яшчэ адной падатковай пасткай для прадпрыемстваў можа стаць пагашэнне валютных пазычанняў. У гэтым годзе (дакладней, у сакавіку-верасні) купіць валюту было складана. Прадпрыемствам, каб своечасова выканаць валютныя абавязанні, даводзілася купляць валюту дзе і як прыйдзецца.

Пытанне ў тым, як да гэтага паставяцца падатковыя органы, якія прыйдуць у наступным годзе з праверкамі на прадпрыемствы.

Паводле дадзеных Naviny.by, некаторыя прадпрыемствы ва ўмовах дэфіцыту валюты, які назіраўся ў гэтым годзе, прыцягвалі валютныя пазыкі ў заможных фізічных асоб. Схема выглядала так: фізасобы давалі валюту, а наўзамен атрымлівалі суму ў беларускіх рублях, разлічаную не па афіцыйным, а па рынкавым курсе.

У той жа час у лісце Міністэрства па падатках і зборах ад 9 чэрвеня 2011 г. гаворыцца, што пры пагашэнні пазыкі ў валюце беларускімі рублямі можа паўстаць даход фізічнай асобы. Калі фізасобе пагашалі валютную пазыку па курсе 8000, а афіцыйны быў 5000 рублёў, то розніца паміж гэтымі двума значэннямі МПЗ разглядае як даход, з якога павінен быў выплачаны падаходны падатак.

Аднак з улікам таго, што прадпрыемства ў гэтай угодзе павінна было выступаць падатковым агентам і ўтрымліваць падаходны падатак з фізасобы, то адказваць перад падатковай за дапушчанае парушэнне давядзецца прадпрыемству. Хоць, калі б не чэрвеньскі ліст МПЗ, то зразумець, што пагашэнне валютнай пазыкі рублямі не па курсе Нацбанка можа лічыцца парушэннем закона, немагчыма. Бо ў Падатковым кодэксе нічога не сказана аб тым, што валютныя пазыкі могуць пагашацца толькі па курсе НБРБ.

У падатковай пастцы, па інфармацыі Naviny.by, апынуліся і тыя прадпрыемствы, якія ў гэтым годзе спрабавалі даражэй прадаць валюту. Нагадаем, што ў верасні пачала працаваць дадатковая біржавая сесія, на якой замежную валюту можна было прадаць не па афіцыйным, а па рынкавым курсе.

Праўда, далёка не ўсе прадпрыемствы хацелі прадаваць валюту па рынкавым курсе. Таму што, паводле беларускага заканадаўства, калі юрыдычная асоба прадавала валюту па курсе 8500 рублёў за даляр, а афіцыйны курс быў 5000 за даляр, то розніца ў 3500 рублёў лічылася прыбыткам, з якой павінен выплачвацца падатак (24%).

Аднак, як заявіла старшыня Нацбанка Надзея Ермакова ў другой палове верасня, прыбытак з розніцы паміж курсам дадатковай сесіі і асноўнай сесіі падаткам абкладацца не будзе. «Гэтае пытанне цяпер разглядаецца, і яно будзе адрэгуляванае Міністэрствам фінансаў, каб гэта не абкладалася падаткам. Гэтая розніца не павінная абкладацца падаткам. Пакуль афіцыйны дакумент не прыняты, але ён будзе», — паабяцала кіраўнік Нацбанка.

Юрыдычныя асобы, якія прадавалі валюту на дадатковай сесіі, да гэтага часу чакаюць гэтага дакумента, але яго так і няма. Аўдытары кажуць, што падатак з розніцы паміж курсам дадатковай сесіі і афіцыйным курсам давядзецца плаціць. Прадпрыемствы, якія прадавалі ў кастрычніку валюту на дадатковай сесіі, збіраюцца выплачваць падаходны падатак. Таму што ў свой час паверылі абяцанням.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?