Партыя БНФ у хуткім часе мае намер падаць заяўку на правядзенне пікета каля пасольства Казахстана ў Беларусі, паведаміў намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Такім чынам Партыя БНФ мае намер выказаць пратэст адносна дзеянняў дзяржаўных сілавых структур Казахстана,

прымяненне сілы з боку якіх 16 снежня прывяло да гібелі і раненняў тых, якія пратэставалі ў Жанаазене.

Лідар партыі Аляксей Янукевіч зазначыў, што з дапамогай пікета актывісты хочуць звярнуцца не толькі да казахстанскіх улад, але і прыцягнуць увагу беларускага грамадства. «Мы мяркуем, што Беларусі нявыгадная інтэграцыя з рэжымамі, якія небяспечныя нават для ўласных грамадзян. Гэта не тыя стандарты, мадэлі паводзін, якія патрэбныя Беларусі. Саюзы, накшталт еўразійскага, супярэчаць цвярозаму сэнсу. Мы еўрапейская нацыя, якая не мае нічога блізкага па каштоўнасцях з Казахстанам і Расіяй», — сказаў ён.

Ігар Лялькоў падкрэсліў, што для партыі гэта будзе першы пікет, заяўка на які будзе падавацца пасля ўнясення паправак у закон аб масавых мерапрыемствах. «Мы атрымаем адказ, ці азначае прыняцце гэтых паправак пазбаўленне ўсіх магчымасцяў правесці масавае мерапрыемства, або якія-небудзь магчымасці ўсё-такі засталіся», — падкрэсліў ён.

Варта зазначыць, што 22 снежня прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пайшоў на ўступкі тым, што пратэставалі.

У прыватнасці, ён аб’явіў пра звальненне свайго зяця Цімура Кулібаева, які з’яўляецца кіраўніком фонду нацыянальнага дабрабыту «Самрук-Казына» — уладальніка дзяржпакета нафтаздабываючай кампаніі «КазМунайГаз», нафтавікі якой некалькі месяцаў баставалі ў Жанаазене. Апрача таго, Назарбаеў распарадзіўся разабрацца з праблемай 1.800 звольненых работнікаў і ў самы кароткі тэрмін прыняць неабходныя захады па іх працаўладкаванні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?