Жонкі палітвязняў пракаментавалі заяву Лукашэнкі пра тое, што ён можа памілаваць іх мужоў, калі тыя звернуцца з адпаведнымі прашэннямі.
Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч кажа, што навучылася не рэагаваць на любыя заявы Лукашэнкі, звязаныя з умовамі вызвалення яе мужа.
— Лукашэнка як у анекдоце гаспадар свайго слова: «Хачу даю, хачу бяру».
Калі б Мікалай чуў, што ён сказаў, засмяяўся б. Зразумела, ён не будзе прасіць аб памілаванні.
Жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі Вольга лічыць, што Лукашэнка хітруе, бо раней ён выпускаў палітвязняў і без прашэнняў аб памілаванні.
— Іншае пытанне, што з тых, хто застаўся за кратамі, выбіваюць гэтыя просьбы самымі рознымі спосабамі, — дадала Вольга Бандарэнка. — І тое, што Андрэя Саннікава не паказваюць адвакатам, кажа пра тое, што з ім здарылася нешта страшнае. Тое, што адбываецца, на сумленні спадара Лукашэнкі і выканаўцаў. Не ведаю, чым гэта можа скончыцца.