«З заміраннем сэрца чакаем вынікаў 24-га», — напісаў мне беларускі калега. «Калі ў расійцаў атрымаецца, Януковіч спыніцца», — сказаў пры сустрэчы ўкраінскі апазіцыянер.

Яшчэ нядаўна многія і ў Кіеве, і ў Мінску глядзелі на Расію са страхам. Было ясна, што менавіта яе ўлада дазваляе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі гвалтаваць беларускае грамадства, разганяць пратэстоўцаў і даводзіць сітуацыю ў краіне да абсурду. Было відавочна — і ніхто з расійскіх кіраўнікоў гэтага ніколі і не хаваў, — што Маскву задаволіць толькі той украінскі лідар, які затармозіць рух краіны ў цывілізаваны свет. Расійскае грамадства ўяўлялася сонным царствам, што згаджаецца з любым, нават самым вар’яцкім загадам улады, якая пераводзіць стрэлкі ў любы бок, гатовае пагадзіцца з тым, што ўначы раніца, а ўвечары — світанак. Расіяй палохалі — і маладое пакаленне, і замежных партнёраў. І самае жудаснае, што многім у Расіі гэта падабалася.

Аказалася дастаткова, каб некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на Балотную. І на Расію зноў пачалі глядзець з надзеяй — як некалі, у самым пачатку 90-х.

Бо гэта маскоўскія мітынгі і візіт Ельцына ў Талін спынілі ваенную машыну, што накатвала на Прыбалтыку. Бо гэта расійская Дэкларацыя аб суверэнітэце дазволіла парламентам іншых рэспублік ухваліць аналагічныя дакументы. Бо гэта ледакол расійскіх выданняў, што паступова рабіліся свабоднымі, прабіваў лёд хлусні ў Кіеве альбо Мінску.

Расійскія дэмакраты былі тады жаданымі гасцямі паўсюль — тыя, каго сучасная ўлада ў Маскве называе «русафобамі» і «амерыканскімі агентамі», дачыняліся з імі як з блізкімі сябрамі. Гэта няпраўда, што той, хто любіць сваю краіну, аўтаматычна не любіць Расію, — ён рэагуе выключна на снабісцкую ўпэўненасць тых, хто да сёння гэту Расію абкрадае, нібыта яго ўласнай краіны не існуе. Або на ўпарта ўкарэненае ў свядомасць расійцаў паданне, быццам Савецкі Саюз і быў Расіяй, а ўсё, што вакол яе сёння, — не больш чым геаграфічныя непаразуменні. І людзі, што ніколі не бывалі ў Ашхабадзе або Таліне, ужо вераць, што і Туркменія была Расіяй, і Эстонія: чаму б і не? А потым дзівяцца страху, які выклікае іх уласная краіна. Ці радуюцца гэтаму страху. Савецкага Саюза таксама баяліся — значыць, усё добра.

Я ўжо прывык да таго, што той, хто любіць Расію бескарысліва, нічога ад яе не патрабуючы, лічыцца русафобам. Што той, хто хоча, каб Расіі не баяліся, а спадзяваліся на яе і на яе грамадзян, лічыцца маргіналам.
Што той, хто верыць у будучыню Расіі як цывілізаванай еўрапейскай дэмакратычнай краіны, лічыцца ідыётам. Але манаполія на любоў да Расіі заканчваецца — аказваецца, што можна любіць не лясканне ботаў, не адрэпеціраваныя пуцінскія інтанацыі ў эфіры, не крыкі і вокрыкі, а краіну і людзей. Сапраўдных людзей і сапраўдную краіну.

Адзін кіеўскі правакатар, гатовы вылізаць талерку за любым заезджым маскоўскім панам, неяк напісаў фельетон — пра мяне і мой погляд на Расію. І назваў яго «Расія Сахарава і Портнікава», разлічваючы, напэўна, што нанёс мне смяротную абразу, затаўраваў і цвікамі прыбіў так, што я павек не адмыюся. І вядома, галоўнай ідэяй гэтага спадара і яго аднадумцаў было тое, што існуе адна-адзіная Расія, Расія, якой баяцца і ў якой яны хочуць мыць падлогу, — Расія Пуціна. А Расію Сахарава я выдумаў.

Выявілася, аднак, што правакатары вельмі дрэнна ведаюць краіну, любоў да якой дэкларуюць у кожным мясцовым тэлеэфіры.
На Балотнай плошчы была Расія Сахарава — Расія свабодных людзей. І 24 снежня на праспекце Сахарава зноў будзе яна — Расія, якой не баяцца. Расія, на якую спадзяюцца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?