Ён сказаў мне: «Шалом!»
І удвух за сталом
Мы падводзілі вынікі году,
Ігнаруючы пост,
І гучаў кожны тост:
«За падманы! За страты! За шкоду!»

Я сказаў, што хлусьня
Адусюль і штодня:
«Нават сьнег падмануў і ня выпаў,
Нават мроі ды сны —
Разнавіднасьць маны.
Вось і ты… Тост сказаў, а ня выпіў!»

А дзядок у адказ
Выпіў з келіха раз,
Выпіў два — і сьмяецца, як д’яблік:
«Усё праўда, але
Ёсьць віно на стале,
Мандарыны, карыца і яблык!

Усё праўда, аднак
Будзе зорка як знак,
Што надзея ня зьнікла дашчэнту,
А сябры, як цары,
Ўжо рыхтуюць дары,
І малы будзе рады прэзэнту!

Хай пэтарды ўгары
І — „Ялінка, гары!“,
І згадаецца нам, як калісьці,
Пра калядны настрой,
Пра спаўненьне ўсіх мрой
І пра ўсіх немаўлят у калысцы.

Хай увечары двор
Пасьвятлее ад зор
І, сігаючы ў санкі з разьбегу,
Ад Раства да Раства
Лепіць сьнежкі дзятва,
Бо нарэшце нападае сьнегу!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?