Сваякі палітзняволеных звярнуліся да кіраўнікоў асноўных хрысціянскіх канфесій. Да Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, архімандрыта Сяргея Гаека, біскупа Сяргея Хоміча, Майсея Астроўскага, Вячаслава Ганчарэнкі і Леаніда Бірука.
«Шаноўныя Айцы-Пастары! Мы, матулі, жонкі, нявесты людзей, якія былі затрыманыя, збітыя і беспадстаўна асуджаныя пасля выбараў 2010, ці патрапілі за краты ўжо ў 2011 — Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Змітра Бандарэнкі, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Алеся Бяляцкага, звяртаемся ў гэты светлы час Божага Нараджэння да Вас, Шаноўныя Пастары, з заклікам аб дапамозе: паспрыяйце, калі ласка, хуткаму вызваленню нашых любых блізкіх.
Нашыя сыны, мужы і жаніхі — выдатныя, мужныя людзі Беларусі: дыпламаты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, шчырыя вернікі і правыя людзі. Яны любяць нашу краіну і людзей, і не заслугоўваюць, каб цяпер пакутаваць у турмах.
Свята Божага Нараджэння — гэта Свята сямейнае, і нам, як усім звычайным людзям, хацелася б яго правесці дома з нашымі блізкімі.

Прайшоў ужо год, як яны ў вязніцы. Для нас ён стаўся крыжовым шляхам пакутаў і цярпенняў. Многія з нас самі прайшлі праз арышты, суды і турму ў абарону сваіх мужоў і сыноў; мы не кажам ўжо пра боль, слёзы, невыспаныя ночы. Мала таго, што яны несправядліва асуджаныя і знаходзяцца ў зняволенні, на іх аказваецца пастаянны ціск: фізічны, духовы і маральны. Зміцер Дашкевіч за гэты час страціў маці, перажыў некалькі цяжкіх этапаў і цяпер з-за пагрозы свайму жыццю адбывае пакаранне ў камеры-адзіночцы, як і Андрэй Саннікаў. Ад Андрэя Саннікава ўжо другі месяц няма фактычна ніякіх звестак, да яго не можа патрапіць ні жонка, ні адвакат. Пасля ўступлення прысуду ў сілу ён перажыў ужо два этапы, змяніў тры вязніцы. Мікола Статкевіч у камеры чакае чарговага суду — яму пагражае перавод у турму. Зміцер Бандарэнка — хворы, патрабуе неадкладнай медычнай дапамогі, бо інакш можа стацца інвалідам. А Бацька Алеся Бяляцкага цяпер на мяжы жыцця і смерці з-за раку лёгкіх. Ёсць яшчэ іншыя зняволеныя, якія адбываюць срокі па палітычным матывам, такія як Мікола Аўтуховіч, Яўген Васьковіч, Аліневіч Ігар і іншыя.

Мы прайшлі фактычна ўсе беларускія судовыя інстанцыі, зрабілі ўсё, што было ў нашых, чалавечых сілах, але марна. Цяпер мы спадзяемся на Бога і Яго Ласку, Міласэрнасць і Цуд. Верым, што Бог дзейнічае праз людзей. І зараз усе мы чакаем цуда Божай Справядлівасці і Вашага дзеяння!

Сёння мы, жанчыны, просім дапамогі тых, хто мог бы абараніць нас і нашыя сем’і. Ведаем, што Вы сустракаецеся з кіраўніком дзяржавы, разумеем, што Вы пакліканы прапаведаваць Евангелле моцным гэтага свету. «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне звеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленне, сляпым празрэнне, адпусціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяння." Лукі 4:18–19.

Калі ласка, станьце побач з намі, падзяліце наш боль і заступіцеся за нас!
Будзем вельмі ўдзячныя Вам. Няхай Бог дабраславіць Вас у гэтай слушнай справе. Не бойцеся!

З павагаю і малітваю, Наста Палажанка, Ала Саннікава, Марына Адамовіч, Таццяна Севярынец, Вольга Бандарэнка, Натальля Пінчук, Марына Лобава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0