Радыкальныя лідэры Памаранчавай рэвалюцыі патрабуюць роспуску парлямэнту, выбранага год таму. І гэта ў іх атрымаецца, калі яны пераканаюць альбо прымусяць да прыняцьця такога рашэньня прэзыдэнта Віктара Юшчанку.

‑ Мы павінны як мага хутчэй пазбавіцца ад прэм’ера Віктара Януковіча і ягонай мафіі, якая сёньня мае большасьць у Вярхоўнай Радзе – паўтарае Юлія Цімашэнка. Былая прэм’ер спрабуе давесьці справаў да выбараў, бо можа найбольш зыскаць. За Блёк Юліі Цімашэнка (БЮЦ) сёньня б прагаласавала каля 28 адсоткаў украінцаў – прыкладна гэтулькі ж, колькі за Партыю рэгіёнаў Януковіча.

Аднак папулярнасьць цяперашняга кіраўніка ўраду хутка падае, а былой спадарыні прэм’ер хутка расьце. З зандажу вынікае, што ў выпадку датэрміновых выбараў кааліцыю большасьці ўтворыць БЮЦ і другая памаранчавая групоўка – Наша Ўкраіна. Пры гэтым фракцыя Цімашэнкі будзе мець дэпутатаў у тры разы болей за партнёраў. А ў гэткай сытуацыі няма сумневаў, што былая прэм’ер зноў стане на чале ўраду.

Яе групоўка ўжо поўным ходам рыхтуецца да выбараўа. Цімашэнка, напрыклад, здолела прымусіць мэра Кіева Леаніда Чарнавецкага адмовіцца ад уведзенага на пачатку году 350‑адсоткавага павышэньня камунальных плацяжоў. Мэр вырашыў задаволіцца 200‑адсоткавым павышэньнем, аднак жалезная Юлія намагаецца цяпер абвесьціць у горадзе рэфэрэндум у справе адстаўкі Чарнавецкага.

‑ Жалезная Юлія мэтадычна рыхтуецца да новых выбараў. Як да вайны. Стварае папулярнасьць, узмацняе апарат. Гэта можа прынесьці посьпех, – ацэньвае кіеўскі аглядальнік Васіль Зора.

Выбараў патрабуе таксама Барыс Тарасюк, да нядаўняга часу кіраўнік МЗС, лідэр партыі Рух, што ўваходзіць у склад Нашай Украіны, і сябар прэзыдэнта. Атакуючы Януковіча і ягоную каманду, ён увёў у дзеяньне найцяжэйшую зброю. Як напісала ўчора маскоўская газэта «Коммерсантъ», ён абвінаваціў людзей з найбліжэйшага акружэньня прэм’ера «ў заблізкіх сувязях з Расеяй, што прыносяць шкоду Ўкраіне».

Да датэрміновых выбараў рыхтуецца таксама і Мікола Кацерынчук, да нядаўняга часу адзін з кіраўнікоў Нашай Украіны. Сьпехам ён стварае новую групоўку, Эўрапейскую Плятформу для Ўкраіны, і зьбірае сваіх прыхільнікаў на мітынгі ва ўсёй краіне.

Свой рух стварае і Юры Луцэнка. Былы кіраўнік МУС ужо трэці раз уваходзіць у тую ж самую раку. У 2000 г. ён арганізоўваў дэманстрацыі пад лёзунгам «Украіна бяз Кучмы». Падчас памаранчавай рэвалюцыі ён быў найбольш папулярным палітыкам Майдану нароўні зь Юліяй Цімашэнка. Цяпер ён паведамляе, што ягоная Народная Самаабарона ўвесну рушыць на Кіеў, каб «дамагчыся правоў народу».

‑ Ня ведаю, колькі людзей прыйдзе ў сталіцу. Можа, дзясяткі, можа, сотні тысячаў. А можа, і мільён. Напэўна, мы дапаможам прэзыдэнту прыняць рашэньне пра абвяшчэньне выбараў – кажа Луцэнка.

Бо тое, ці будуць выбары, залежыць сёньня ад рашучасьці Юшчанкі. Як сьцьвярджае адзін зь лідэраў БЮЦ Андрый Шкіль, «падстава для выдачы прэзыдэнцкага дэкрэту пра роспуск парлямэнту заўсёды знойдзецца, калі толькі прэзыдэнт гэтага захоча». Аднак Юшчанка ня надта з гэтым сьпяшаецца.

‑ Ён разумее, што ягоная групоўка няшмат выйграе на датэрміновых выбарах. Выйграе Цімашэнка, зь якой ён пасварыўся восеньню 2005 г., пазбаўляючы яе пасады прэм’ера. Прэзыдэнт можа, аднак, адчуць, што датэрміновыя выбары гэта адзінае для яго выйсьце. Януковіч і Партыя Рэгіёнаў усё больш нахабна адбіраюць ў яго ўладу, адбудоўваючы старыя кучмаўскія парадкі. І магчыма, што інстынкт самазахаваньня ўрэшце яму падкажа, што ён мусіць рызыкнуць. Але для яго гэта ня будзе простым рашэньнем – лічыць вядомы ўкраінскі філёзаф праф. Міраслаў Паповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?