Па галоўных вуліцах вёсак Ванькаўшчына і Лысаўшчына, якія знаходзяцца недалёка ад спартыўнага комплексу «Стайкі», у хуткім часе кругласутачна пачнуць хадзіць грузавікі. Ужо пачалося будаўніцтва дарогі, якая будзе шчыльна прылягаць да платоў хатніх гаспадарак. Некаторым нават давядзецца перамясціць частку плота, бо дарога пойдзе праз агарод.
Ці ў нашай краіне зямлі мала, ці людзі ўжо нічога не вартыя? Чаму дарогу для грузавікоў кладуць… пад самымі вокнамі?..

Прычына вельмі простая. Пясчаны кар’ер, які быў у некалькіх кіламетрах ад вёсак, закрываюць, а новы кар’ер вырашана зрабіць літаральна за Лысаўшчынай. Дарогу да яго пракладваюць па прынцыпе «як прасцей».

Нікога не хвалюе і не цікавіць, як пад пыл і грукатанне грузавікоў будуць жыць людзі.



Лысаўшчына знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе Свіслачы. Цяпер там будуецца мост, каб грузавікі з пяском маглі праехаць да новага кар’ера. Людзі сабралі больш за 70 подпісаў, звярталіся ва ўсе інстанцыі, у тым ліку і ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы спыніць будаўніцтва дарогі праз вёскі.

Людзі прасілі чыноўнікаў аднавіць старую даваенную дарогу, якая знаходзіцца непадалёку, — ездзячы па ёй, машыны нікому не будуць перашкаджаць.
Але да каго ў Беларусі можа дакрычацца просты чалавек?

Мясцовы жыхар Генадзь Сянюта паставіў свой подпіс сярод іншых, хто скардзіўся ў шматлікія інстанцыі. «Разумееце, для іх гэта самы просты шлях. Пра людзей ніхто не думае. Наадварот, нам цынічна адказалі, што вось гэтае будаўніцтва адбываецца з мэтай… паляпшэння транспартных зносін паміж вёскамі!..

Вунь на тым беразе рэчкі знаходзіцца маленькая вёска, і на яе на ўсю добра калі ёсць тры аўтамабілі. А 

будаўніцтва моста будзе каштаваць каля 8 мільярдаў рублёў, ды яшчэ на гэты ўчастак дарогі каля 15 мільярдаў закладзена.
Скажыце, які клопат! У час крызісу не шкада ім такіх фінансавых сродкаў для маленькай вёсачкі, якой, дарэчы, гэтая дарога проста да лямпачкі! Насамрэч, усё тут даволі проста. Інвестару патрэбны пясок для будаўніцтва. І навошта яму нешта аднаўляць, калі можна ехаць праз дзве вёскі, і няважна, як там людзям будзе. Напляваць на народ зусім», — абураецца спадар Сянюта.

У Лысаўшчыне засталося няшмат карэнных жыхароў. Старажыламі тут лічаць тых, хто гадоў 20 таму пасяліўся ў вёсцы як дачнік. Людзі набылі ўчасткі, знеслі старыя дамы, пабудавалі новыя. Некаторыя зрабілі рэканструкцыю дамоў сваіх бацькоў, якіх ужо няма ў жывых. Асноўны кантынгент — гэта пенсіянеры.

«Ведаеце, мы ж жылі ў Мінску, — расказвае мясцовая жыхарка Алена Новікава. — Але я кватэру пакінула дзецям, цяпер яны ўсе да мяне сюды прыязджаюць. Унукі ўсё лета са мной. І што цяпер? Туды-сюды дзень і ноч міма вокнаў будуць хадзіць самазвалы з пяском?! Чаму нас ніхто не хоча слухаць?

Я ўжо маўчу, што ўсё бліжэй да нашых вёсак падбіраюцца адстойнікі з каналізацыяй.
Калі адтуль вецер дзьме, то пах — самі адчуваеце які. А цяпер яшчэ і гэта. Што нам рабіць?.. Якое выйсце?..
Яны думаюць, што калі мы пенсіянеры, то нам ужо нядоўга на гэтым свеце і так засталося?..
Мо і так. Вунь, могілкі побач, далёка нас несці не давядзецца».

Сусед Алены Аляксандр Буры ледзь стрымлівае слёзы: «Бачыце, як яны пачалі падрыхтоўку?

Я пасадзіў з зярняткаў алею каштанаў. Дрэўцы падраслі ўжо, сталі прыгожымі маладымі дрэвамі… Спілавалі і ўсё!
Нават не папярэдзілі. Вось тут шыпшына ўздоўж плота на вуліцы была — і з ёй тое ж… Так крыўдна! Я нават заплакаў, калі ўбачыў. Як жа так можна? Вунь у самым цэнтры вёскі могілкі. Там ёсць пахаванні польскія ад 1903 года. Дык яны плануюць ЛЭП праз могілкі. Значыць, і там спілуюць усе дрэвы. Ды што дрэвы?!
Бачыце, вунь разметку ўсталявалі — будуць частку могілак зносіць.
А што ім? Тым больш што няма ў жывых ужо і дзяцей тых, каго там пахавалі. У нас ніхто і пра жывых людзей не думае, а тут нябожчыкі…»

Карэнная жыхарка, калісьці член зборнай СССР па лыжах, а цяпер пенсіянерка Галіна Окур з боем запісалася на прыём у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. «Спачатку мяне не хацелі запісваць, але я тады сказала, што буду звяртацца праз Спорткамітэт — як ветэран спорту. Ледзь запісалі. Але на прыём я ўсе роўна не патрапіла. Гэта ж трэба! Так перажывала з-за гэтай сустрэчы, што за дзень да прызначанай даты мне стала кепска і ўрачы забралі мяне ў шпіталь. Нават не ведаю, што цяпер будзе. У нас тут вялікая праблема заўсёды была (нават калі яшчэ мае бацькі жылі) — гэта вада. Дастаткова было невялікага дажджу — і нас затаплівала. Што мы толькі не рабілі! Нарэшце пасадзілі невялікі парк, і дрэвы сталі замінаць вадзе. Там паставілі стол для тэніса, баскетбольныя карзіны павесілі, зрабілі турнікі… Уся моладзь там збіралася. А цяпер гэтыя будаўнікі прыехалі і, нікому нічога не кажучы, за пару гадзін спілавалі дрэвы. Усё знішчылі! І гэта ж толькі пачатак.

Глядзіце, які катэдж прыгожы. Чалавек набыў яго для сваёй сям’і, у самым маляўнічым месцы… Раптам прыязджае, а каля дома — пустыр, бруд, нейкія шлангі, бульдозеры… Пад самы плот яму ўсё побач знішчылі. Проста шкада чалавека, ён жа такія грошы заплаціў!.."

Не часта ў Беларусі можна сустрэць людзей, якія гутараць з журналістам эмацыянальна, ахвотна і адкрыта. Тут не тая сітуацыя. У людзей сапраўды накіпела.

Да нашай размовы далучаецца Валянціна Бурая: «Мы ўсе грошы некалі трацілі, каб пабудаваць тут дамы, упрыгожылі ўсё вакол, пасадзілі дрэвы… Сюды нашы ўнукі прыязджаюць, дзеці. А цяпер мы ўжо пенсіянеры, і пабудаваць дом у іншым месцы мы проста не ў стане. І сіл ужо няма, і грошай такіх няма. Гэтыя дамы прадаць можна толькі вельмі танна: хто ж захоча, каб смярдзела фекаліямі ды яшчэ міма вокнаў грузавікі шмыгалі?..

Зараз нам сказалі, што стары кар’ер будуць каналізацыяй запаўняць. Маўляў, такім чынам рэльеф раўняюць. Ну як змагацца?
І з гэтай дарогай проста бяда! Улады даюць нейкія адпіскі, хаця значна танней было б аднавіць даваенную дарогу. Але танней для іх не значыць прасцей. Вось гэта сапраўды яскравы прыклад клопату пра народ».

Пакуль мы размаўлялі з абуранымі вяскоўцамі, з’явіліся і будаўнікі. Слова — за слова… Мае суразмоўцы пачалі распытваць, ці хутка правядуць гэтую дарогу. Тыя паведамілі, што адказваюць толькі за будаўніцтва моста праз рэчку. Сказалі, што павінны паспець за пяць месяцаў. І раптам пачалі спачуваць людзям…

Сапраўды, сталіцы патрэбны пясок для будоўляў. Зразумела, што для эканомікі лепш, каб кар’еры распрацоўваліся як мага бліжэй да горада. Жыхары гэта самі добра разумеюць і не супраць, каб за рэчкай працаваў кар’ер. Яны толькі просяць зрабіць туды іншую дарогу. Але ніхто не гатовы іх пачуць… Ніхто нават не хоча іх пачуць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?