У Беларусі створаны банк ДНК спартоўцаў нацыянальных каманд, паведаміў дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Кільчэўскі 27 снежня на прэзентацыі Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій у Мінску.
Паводле яго словаў, банк ДНК створаны па 12 відах спорту: хакей, мастацкая гімнастыка, плаванне, барацьба, баскетбол, канькабежны спорт, лыжныя гонкі, лёгкая атлетыка, батут, акадэмічнае веславанне, фрыстайл, тэніс.
Усяго было пратэставана каля 450 спартсменаў. Іх ДНК-пашпартызацыя праводзілася па комплексу 20 генаў, якія аказваюць істотны ўплыў на стан апорна-рухальнага апарата, цягавітасць, хуткасць, сілу, адаптацыю да гіпаксіі, здольнасць да аднаўлення пасля фізічных нагрузак.
Як адзначыў Кільчэўскі, вынікі тэставання даюць магчымасць арганізаваць падрыхтоўку спартсменаў з улікам іх індывідуальных асаблівасцяў.
Гэта, у сваю чаргу, дасць магчымасць дасягнуць высокіх спартыўных вынікаў, захаваўшы здароўе спартсменаў, а таксама павысіць эфектыўнасць расходавання дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на развіццё фізкультуры і спорту,лічыць спецыяліст.
Ён адзначыў, што навукоўцы-генетыкі працавалі з алімпійскай зборнай камандай Беларусі па біятлоне пры падрыхтоўцы да алімпіяды ў Ванкуверы 2010 года. Генетыкі таксама ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы спартсменаў да алімпіяды ў Лондане 2012 года.
"Я лічу, што гэта адзін з самых цікавых для нас напрамкаў, паколькі спорт -- гэта вялікая палітыка. Беларусь мае вялікія амбіцыі ў спорце", - заявіў Кільчэўскі