Самы ўплывовы

Ляпіс Трубяцкой — «Вясёлыя карцінкі»

Больш уплывовага альбома ў Беларусі не было з часоў «Трох чарапах» N.R.M. У «Вясёлых карцінках» —

і найлепшая лірычная песня Міхалка «Я верю», і баявік «Грай», які даў палітычным пратэстам лозунг «Гані быкоў!».

На новы альбом «Ляпісаў» адгукнуўся нават такі далёкі ад року чалавек, як Зянон Пазняк. Ён прарочыў песні «Грай» уключэнне ў скарбонку сучаснай беларускай музыкі.

«Міхалок — татуяваны анархіст, увесь ў наколках, што ўдаваў з сябе блазна, — чалавек з нялёгкім мінулым, які ўзняўся, адбіўся ад самага дна, які збярог свой розум, талент, сумленне і гонар, ён якраз аказаўся больш надзейнай і вартай павагі асобай, чым тыя, што былі на Парнасе і — спусціліся ў стойла «быкоў».
Самы ўзнагароджаны

Тройца — «Зімачка»

Твор геніяльнага этна-трыа сабраў амаль усе магчымыя рэгаліі — ад першай прэміі сайта музычнай аналітыкі Experty.by да афіцыйнай Першай беларускай музычнай прэміі, дзе «Тройцу» прызналі гуртам года.

«Зімачка» поўніцца такім аўтэнтычным шаманствам, гучыць такой колькасцю інструментаў, такім гукам, ад якога мурашкі па скуры.

Самы актуальны

Akute — «Дзевачкі і космас»

Малады гурт Akute можа стаць найпапулярнейшым у краіне. Станіслаў Мытнік і кампанія спяваюць па-беларуску ідэальны заходні поп-рок.
«Гэта такая кранальная папса для дзяўчатак, аднак зроблена яна на вельмі высокім узроўні, як у The Killers ці Block Party, — кажа музычны крытык Таццяна Заміроўская. — Я бачыла, як дзяўчынкі, якія нават не разумеюць мовы, развучваюць і спяваюць па-беларуску гэтыя песні».

Таму што ўсе зоркі — халодныя лялькі
ніколі не плачуць ніколі не плачуць
і я абяцаю ты болей ніколі
мяне не ўбачыш мяне не ўбачыш...

Самы класічны

Pomidor/OFF — «Патас/Попс/Прапаганда»

Аляксандр Памідораў рыхтаваў новы альбом дзесяць гадоў. «Песні выкрышталізоўваліся на канцэртах, матэрыял падабраўся надзвычай моцны», — кажа стваральнік інтэрнэт-партала «Тузін гітоў» Сяргей Будкін. Памідораў разнапланавы музыка. Ён удала рэалізаваўся ў рэпе, стварыўшы класічны «Цуд на Каляды». Але

тут Аляксандр працуе ў жанры класічнага беларускага року 1990-х:

Чарговы дзень
І як шэры дым
Жыццё адно
Ты ў ім адзін
Цябе ірве
На ўсе бакі

Дарма сціскаеш кулакі...

Самы экзатычны

Срэбнае вяселле — «Сардэчная мускулатура»

На пурытанскай беларускай музычнай сцэне «Срэбнае вяселле» стварае такое псіхадэлічна-вясёлае і актуальнае кабарэ,
якое маглі б прыдумаць хіба Бертольт Брэхт, Эдзіт Піяф, Лайза Мінэлі і Курт Вайль, калі б сабраліся разам. «Сардэчная мускулатура» — першы студыйны альбом гурту. На радыё яго, вядома ж, не возьмуць — нефармат. Аднак замежных тураў у незвычайнага «Срэбнага вяселля» — болей чым у каго. У альбоме вакалістка Бенька і яе каманда даказалі немагчымае: у кабарэ можна трапіць, проста ўключыўшы плэер.

Ляпіс Трубяцкой — Грай

Недзе ля ракі, дзе не мае броду
Шэрыя быкі танчаць карагоды
Ланцугі ўначы адліваюць златам
Воран там крычыць з воўкам, родным братам.

Палыхае там вогнішча да неба
П’юць яны віно, заядаюць хлебам
Песні ім пяюць старыя цыганкі
Б’юць капытам, б’юць, а ў небе маланкі!

Гэтыя быкі маюць сваю праўду:
Ім не трэба сонца, цемры ім багата
Ім вясны не трэба, ім зімы б паболей
Каб ты, хлопец, спаў на пячы ў няволі!
Грай! Шукай! У снах юнацтва свае мары!
Грай! Гукай! Вясны зялёнай цёплай чары!
Грай! Спявай! Дружна песні райскай волі!
Грай! Грай! Гані быкоў — вярнецца доля!

Напілісь быкі, скачуць па краіне
Топчуць рушнікі капытамі ў гліне
Скачуць па дварах, адчыняюць хаты,
Хто не пахаваўся — будзе вінаватым!

Чэмпіёны па запампоўках

З удасканаленнем інтэрнэту падаюць продажы дыскаў. Навошта купляць, калі можна выцягнуць з сеціва — разважаюць многія. Хто ж найпапулярнейшы па запампоўках? Падаём статыстыку паводле аднаго з найбуйнейшых торэнт-трэкераў rutracker.org.

1. «Ляпіс Трубяцкой» — «Вясёлыя карцінкі» спампаваны 58058 разоў.

2. «Срэбнае вяселле» — «Сардэчная мускулатура» — 3370.

3. «Пятля Прыстрасці» — «Гіпнапедыя» — 1307.

4. «Тройца» — «Зімачка» — 1023.

5. Akute — «Дзевачкі і космас» — 574.

6. Pomidor/OFF — «Патас/Попс/Прапаганда» — пакуль на торэнце не з’яўляўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?