Адным учынкам Мілінкевіч пакінуў энтузіястаў чарговага кангрэсу ля разьбітых ночваў. Зараз ім наканавана біцца за пусты мех.

Але ці вялікія шанцы раскруціць рух "За свабоду"?

Сеціўны рэзананс, выкліканы Мілінкевічавым рашэньнем не гуляць у тую гульню ("рэспэкт!", "малойца!", "нарэшце ў нашым балоце зьявіўся моцны палітык!"), — выразна сьведчыць: палітызаванай публіцы дарэшты абрыдла мышыная валтузьня ў кааліцыі.

Энтузіясты кангрэсу абяцаюць выпрацаваць на ім нейкія канцэптуальныя адказы на выклікі часу.

Але гэта трэ' было рабіць учора. Палітрада, помніцца, так і ня здолела нават узгадніць тэкст заявы ў разгар нафтагазавай вайны... Між тым палітыкі, як і блогеры :), мусяць рэагаваць імгненна. Камэнтаваць калізіі, выказваць пазыцыю па гарачых сьлядах. Тут і цяпер. Хай сабе і ня надта вылізанымі фразамі, але — пакуль гэта хвалюе публіку. Каму патрэбен леташні сьнег?

Мілінкевічу закідалі, што ён самачынна выступаў за мяжой ад імя ўсёй кааліцыі. Маўляў, трэба дэкляраваць узгодненую пазыцыю. Але пакажэце, дзе яна?

Ці вось дамагаюцца партыйныя лідэры, каб Лукашэнка паклікаў іх за круглы стол як паўнапраўны трэці бок. Але ж у палітыцы лічацца толькі з моцнымі. Каго тут клікаць? Кволага шматгаловага мутанта?

Адкрыты ліст Мілінкевіча Лукашэнку выклікаў супярэчлівыя ацэнкі. Каб трохі абстрагавацца, уявеце сабе, што такі ліст напісаў нехта так з апазыцыйнага лягеру. Адразу ўзьнік бы гумарыстычны калярыт: хто такі Казьлевіч? :)

Але, заўважце, ніхто не спытаў: а хто такі Мілінкевіч?

То бок — скажам мовай паліттэхнолягаў — раскручаны брэнд захоўвае сваю моц. Канешне, рэйтынг былога кандыдата таксама споўз (паводле падлікаў сацыёлягаў, прыкладна ўдвая) за той амаль што год, пакуль кааліцыя таўкла ваду ў ступе. Але ўсё адно Мілінкевіч на дзьве галавы вышэйшы :) за людзей з партыйных структураў.

Аднак тыя вырашылі кінуць напрацаваны іміджавы капітал у сячкарню ратацыі. Ну і што далей?

Зрэшты, тое самае няпростае пытаньне стаіць і перад Мілінкевічам. Бо пакуль ня бачна моцных чыньнікаў, якія б абяцалі ягонаму руху болей шчасьлівы лёс, чым як у безьлічы ранейшых "шырокіх рухаў", створаных пад тую ці іншую пэрсону.

Стала банальнасьцю казаць, што ўлада аказалася не гатовай да новых выклікаў. Заторгалася, задрыгала нагамі, залямантавала, як аднялі ад расейскай цыцкі.

Але хіба палітычная апазыцыя аказалася болей гатовай да насоўваньня той крызы, якую так натхнёна прадракала?

Варта казаць пра тое, што новая сытуацыя сталася выклікам для ўсіх беларускіх элітаў. І ўсе яны дэманструюць сёньня сымптомы спадчынных саўковых хваробаў. Апазыцыйная вэртыкаль шмат у чым ёсьць люстэркам уладнай.

Ну а ці пашэнціць Мілінкевічу выцягнуць свой рух з балота мэтадам Мюнхгаўзэна — пытаньне адкрытае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?