Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс падазрае Злучаныя Штаты ў стварэнні сакрэтнай тэхналогіі, якая дазваляе выклікаць ракавыя хваробы ў непажаданых лідараў лацінаамерыканскіх краінаў.

Днямі стала вядома, што ў прэзідэнта Аргенціны Крыстыны Фэрнандэс дэ Кіршнэр знайшлі пухліну шчытападобнай залозы.

Уга Чавэс, у якога таксама быў рак, патэлефанаваў ёй першым.

На наступны дзень ён выказаў сваё меркаванне адносна ўплыву ЗША на стан здароўя палітычных апанентаў.

Рак знайшлі і ў парагвайскага лідара Фернанда Лугі, прэзідэнта Бразіліі Дылмы Русэф, а таксама яе папярэдніка на гэтай пасадзе Луіша Інасью Лулы да Сілвы. Паводле Чавэса, гэта «вельмі дзіўныя» супадзенні, пры гэтым ён адзначыў, што гэта не «паспешлівыя абвінавачванні», а проста думкі ўслых.

Прэзідэнт Венесуэлы дадаў, што згаданыя выпадкі «цяжка растлумачыць простым законам імавернасці».

«Калі б яны распрацавалі тэхналогію стымулявання ракавых захворванняў, і ніхто пра гэта не ведаў, гэта выглядала б дзіўна?» – з такім пытаннем Чавэс звярнуўся да вайскоўцаў ваеннай базы ў сваёй прамове, якую паказалі па тэлебачанні.

Прэзідэнт Венесуэлы адзначыў, што ў 1940-х гг. навукоўцы амерыканскага ўрада заражалі палонных гватэмальцаў сіфілісам ды іншымі хваробамі, а свет даведаўся пра гэта толькі летась. Ён яшчэ і пажартаваў, што цяпер прэзідэнтам Балівіі ды Эквадора – Эва Маралесу і Рафаэлю Карэа – трэба быць асабліва асцярожнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?