У мінулыя тыдні мы назіралі паскоранае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі і вакол Беларусі.

Мілінкевіч двойчы перахапіў палітычную ініцыятыву. Спачатку — ва ўлады. Ён накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з прапановай выкарыстаць патэнцыял беларускай апазыцыі для ўмацаваньня беларускай незалежнасьці і эканомікі, найперш, для паляпшэньня адносінаў з Захадам.

«Таму вось ужо некалькі дзён дзяржаўная прапаганда нават ня ведае, як адрэагаваць. Маўчыць», – адзначае журналістка Сьвятлана Калінкіна.

Зь іншага боку, Мілінкевіч рэзка адмежаваўся ад партыйнай апазыцыі, адмовіўшыся ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў. «Скіруйма намаганьні на беларускі Дзень Волі», — заявіў ён. Гэтая заява эфэктна глядзелася на фоне таго, што Мілінкевіч адзіны зь лідэраў апазыцыі наважыўся прыйсьці на валянцінаўскае шэсьце «Маладога фронту». На інтэрнэт‑сайтах актывісты сустрэлі гэты крок Мілінкевіча энтузіязмам.

Мілінкевіч даў некалькі сыгналаў. Першы – дзяржаўнаму апарату: ён партнёр, гатовы да канструктыўнай працы. Другі — Захаду: ён здольны аналізаваць сытуацыю, прымаць неардынарныя рашэньні. Трэці — цяпер — Плошчы. Піша Аляксандар Фядута.

Эканамічная сытуацыя парыпвае — інфляцыйны ціск узмацніўся, цэны растуць, эканамічныя чаканьні пагоршыліся, гандлёвыя войны з Расеяй не сьціхаюць: на «неіснуючай мяжы» зноў выцягнуліся чэргі аўтамабіляў.

У палітычным сэнсе працягваецца напаўадліга. Калі захады запалохваньня не падзейнічалі, з шэсьцем моладзі 14 лютага проста зьмірыліся. Маладафронтаўцаў арыштавалі, пасьля выпусьцілі, каб ня множыць палітвязьняў. Тут бы ранейшых неяк выпусьціць, не згубіўшы аблічча. Выпусьці іх — а раптам яны зусім страх страцяць? Уся гэтая адліга — гульня на публіку. Пакуль ідэалягічная вэртыкаль і палітычная паліцыя існуюць, ніякіх зьменаў ня можа быць. Але, але, але...

Працягвае рэзка, часам нечакана рэзка, зьмяняцца міжнародны кантэкст. Ніколі адносіны Беларусі й Расеі не былі такімі кепскімі, як сёньня. Ніколі Захад не праяўляў такой выразнай — з грашовым эквівалентам (прапановы Эўрасаюзу Лукашэнку і г.д.) — зацікаўленасьці ў Беларусі. Прычым ключом да цікавасьці аказалася тая самая, здавалася, адвечная ахілесава пята Беларусі — энэргарэсурсы.

Расея інтэнсыфікуе — ці, прынамсі, робіць выгляд, што інтэнсыфікуе — пабудову нафтаправоду ў абыход Беларусі, коштам два мільярды даляраў. Нават не зьбіраецца рамантаваць трубу «Дружбы».

Лукашэнка настойліва правакуе Маскву, каб яна першай разарвала саюзную дамову.

Захад, найперш ЗША, дэкляруюць адкрыта падтрымаць праекты аслабленьня залежнасьці Літвы, Беларусі, Украіны ад Расеі. Шляхам інвэстыцый у энэргаашчаджэньне, энэргавыпрацоўку і выбудову нафтагазавага Балта‑Чарнаморскага калектара. Гэтая тэма ўзьнімаецца на перамовах Чэйні з Адамкусам у Вашынгтоне. Адамкус у сераду заявіў, што «Літва, Беларусь і Ўкраіна скінуць энэргетычную дамінацыю Масквы». Рыхтуецца візыт Лукашэнкі ў Кіеў. Вярхоўная Рада Ўкраіны прымае пастанову, якая забараняе прыватызацыю энэргатранспартнай сыстэмы (чытай, Расеяй), прычым адзінагалосна, з удзелам рэгіяналаў, камуністаў і аранжавых.

«Літва, Беларусь, Украіна» — гэтая рэпрадукцыя Вялікага Княства Літоўскага.

Эўрапейцы навыперадкі прапануюць Беларусі руку дапамогу для паратунку ад расейскае залежнасьці.

Пуцін, гэты мядзьведзь у краме з парцалянаю, сваімі энэргетычнымі войнамі і прамовамі кшталту мюнхэнскай здолеў напалохаць нават тых, хто даўно нічога не баяўся.

Усе ранейшыя канфлікты Лукашэнкі з Масквой сканчаліся прымірэньнем і лягічным працягам рэпрэсіўнай палітыкі ўнутры краіны. Цяпер зьмянілася адна важная акалічнасьць. Не пазыцыя Масквы — пазыцыя Вашынгтона й Брусэлю. Яны, напалоханыя паводзінамі Масквы, гатовыя, здаецца, інвэставаць вялікія грошы ў вывядзеньне Ўсходняй Эўропы з энэргетычнай залежнасьці.

Менавіта гэта ўпершыню за доўні час робіць палітычны выбар Беларусі няпэўным. РБ сьлязам ня верыць. РБ верыць грошам.

Лукашэнка заўжды аддаваў перавагу тым рашэньням, якія вядуць да ўмацаваньня ягонай улады. Гэта была адзіная канстанта ягонай палітыкі.

З аднаго боку, выпадзеньне Беларусі з плянаў усходнеэўрапейскага калектару, чарговае, словамі Дубаўца, «выкл» замест «ВКЛ», б’е па гэтым праекце, і раней Расея за такія «перамогі» шчодра плаціла. Зь іншага боку, сёньняшняя Расея не падаецца гатоваю плаціць, элемэнтарна трымаць абяцаньні, а выпадзеньне Беларусі папросту ўзмацняе значэньне Польшчы як лучва ў калектары між Балтыяй і Ўкраінай, але не нанясе фатальнае шкоды ідэям пэрпэндыкулярных энэргетычных камунікацый. Тым часам як Лукашэнка пасьля фіналізацыі калектара вакол Беларусі застанецца ў безнадзейнай адзіноце з Масквой.

З другога боку, выбар эканамічнага разрыву з Расеяй непазьбежна прывядзе з часам да пераарыентацыі з Вэнэсуэлаў на Эўропу і неўнікнёнай калісьці зьмены культурнай палітыкі і палітычнай сыстэмы.

Мілінкевіч слушна робіць, прапануючы А.Лукашэнку свае паслугі па лабіраваньні энэргетычнае і агульнаэканамічнае супрацы з Эўропай. Нават калі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта прывядзе да ўзмацненьня пазыцый А.Лукашэнкі, такая супраца адпавядае доўгатэрміновым інтарэсам Беларусі, і будзе ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве каталізаваць працэс ператварэньня Беларусі ў эўрапейскую нацыю.

Сымптомам эканамічнага выбару Лукашэнкі, парадаксальна, стане лёс палітвязьняў.

Такое ўражаньне, што Лукашэнка вагаецца, выбіраючы з аднолькава непрымальных для яго варыянтаў. Яму б хацелася «астыць» і ўвайсьці ў адну раку двойчы. «Вось вам Беларусь. Хочаце, дарма, толькі ня цісьніце нас... А мы ж разьлічвалі, мы ільготы вам давалі пад гэты газаправод, меркавалі, што вы нам хоць за транзыт потым заплаціце. Я думаю, нашто я гэта зрабіў. А я ж думаў, што мы свае людзі. Сёньня Беларусь яна фактычна ў складзе Расеі. Больш, чым у складзе Расеі. Таму што тут рускаму чалавеку нашмат лепш, чым у самой Расеі ў многіх месцах», — аплакваў адыходзячую сыстэму Лукашэнка ў гутарцы з Праханавым (які запіс тае гутаркі, падобна, банальна прадаў радыё «Рэха Масквы»). Капітуляцыі ў гандлёвых войнах (цукровай, піўной, інвэстыцыйнай) — тыя самыя сыгналы гатоўнасьці адкруціць стрэлкі назад.

Мілінкевіч настойвае, што сёньня адзіная магчымасьць для грамадзтва паўплываць на палітычны выбар — удзел у масавых акцыях, такіх як Дзень Волі. «Каб не пражываць выключанае жыцьцё ў выключанай краіне», як пісаў Сяргей Дубавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0