25-гадовая біятланістка Дар’я Домрачава і 28-гадовы барэц грэка-рымскага стылю Алім Сялімаў прызнаныя лепшымі спартсменамі Беларусі 2011 года па выніках апытання БелаПАН.

У 12-м штогадовым апытанні ўдзельнічалі 100 журналістаў, якія асвятляюць спорт, з 45 сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый і ўстаноў.

Кожнаму з іх прапаноўвалася назваць тройку лепшых спартсменак і тройку лепшых спартсменаў; за 1-е месца налічвалася тры ачкі, за 2-е — два, за 3-е — адно.

Домрачава набрала 175 ачкоў, атрымаўшы 33 першых, 28 другіх і 20 трэціх месцаў. На рахунку Сялімава 130 ачкоў (29, 18, 7).

У 2011 годзе на этапах Кубка свету (уключаючы чэмпіянат свету) Домрачава, якая была таксама пераможцай леташняга апытання БелаПАН, 11 разоў займала прызавыя месцы (сем — у сезоне-10/11 (студзень-сакавік), чатыры — у сезоне-11/12) — тры першыя, тры другія і пяць трэціх. На ЧС у Ханты-Мансійску яна была другой у мас-старце, а цяпер на другім месцы ў агульным заліку КС.

Сялімаў стаў чэмпіёнам свету ў вагавай катэгорыі да 84 кг. Гэта яго другі залаты медаль (першы заваяваны ў 2005 годзе).

***

Варта адзначыць, што ўпершыню за час правядзення апытанняў БелаПАН зафіксавана разыходжанне з вынікамі штогадовага апытання, якое праводзяць Нацыянальны алімпійскі камітэт і газета «Спортивная панорама». У жанчын там лепшай стала чэмпіёнка свету па плаванні на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем Аляксандра Герасіменя. Па ўсёй бачнасці, гэта звязана з тым, што апытанне НАКа і «СП» праводзілася ў першай палове снежня, тады як апытанне БелаПАН — у другой, пасля завяршэння паспяховага для Домрачавай трэцяга этапу Кубка свету.

Герасіменя, якой 31 снежня споўнілася 26 гадоў, заняла другое месца ў жанчын па выніках апытання БелаПАН — 161 ачко (32, 24, 17). На трэцім радку — 30-гадовая чэмпіёнка свету і Еўропы па цяжкай атлетыцы (да 58 кг) Анастасія Новікава — 107 (17, 20, 16).

У мужчын другім стаў 35-гадовы бронзавы прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў штурханні ядра Андрэй Міхневіч — 54 ачкі (10, 7, 10), трэцім — 29-гедовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па вольнай барацьбе (120 кг) Аляксей Шамараў — 52 ачкі (9, 9, 7).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?