Сёння не мае значэння, якім быў мінулы год, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце да беларускага народу.

«Важна, што ён быў. Ён — наша гісторыя перамог і няўдач, здзяйсненняў і расчараванняў. Яго не выправіць і не перарабіць, а вось урокі з падзей мінулага года скарыстаць трэба», — лічыць афіцыйны лідар.

«Мы не дапусцілі эканамічнага краху, беспрацоўя, згортвання сацыяльных праграм і разладу ў грамадстве,
 — сказаў ён. — Мы не прагнулася пад праблемамі, не далі ім асядлаць нас. Насуперак усім даказалі, што з’яўляемся моцнай і згуртаванай сям’ёй, адзінай і сапраўды вялікай нацыяй. Мы можам і павінны гэтым ганарыцца. Хачу ад усяго сэрца падзякаваць усім вам за разуменне і падтрымку, за стойкасць і аптымізм, і асабліва за ваш давер».
Лукашэнка па традыцыі падзякаваў розным катэгорыям грамадзян:
сялянам — «за багаты ўраджай», рабочым, інжынерам, будаўнікам, шахцёрам, кіраўнікам прадпрыемстваў — «за энергію і прадпрымальнасць», настаўнікам, лекарам, навукоўцам, «усёй нашай інтэлігенцыі» — «за натхнёны і высакародны праца»,
«людзям у пагонах» — «за мужнасць і пачуццё абавязку».

Беларускі кіраўнік адзначыў, што перад Новым годам пабываў «у сотняў дзетак, якім патрэбна дапамога дзяржавы». «Віншуючы іх ад маёй маленечкай сям’і з Новым годам, я спытаў у іх аб пажаданнях і ўзрадаваўся адказу: яны прасілі, каб у маім навагоднім звароце да беларускага народу знайшлося месца і будучыні нашай краіны. Я ім абяцаў і сваё абяцанне выконваю», — сказаў Лукашэнка.

Ён заклікаў моладзь берагчы сваю радзіму: «Толькі яна зможа вас сагрэць у лютую сцюжу і даць глыток халоднай вады ў спякоту».

Лукашэнка заявіў, што дзяржава «зробіць усё магчымае для падтрымкі канкрэтнага чалавека і яго сям’і». «Але пры гэтым мы абавязаныя выразна засвоіць: ніхто і нішто не прынясе нам спакою і ласкі, акрамя нас саміх. Як будзем працаваць, так будзем і жыць», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Сёння самы каштоўны рэсурс — час, — лічыць ён. — Калі спынімся ў развіцці, замарудзім тэмпы або саб’емся з рытму, можам адстаць на гады. Да фінішу прыйдуць самыя стойкія, упартыя і цягавітыя, і беларусы проста абавязаны быць сярод пераможцаў».

Зварот Лукашэнкі доўжыўся 6 хвілін 6 секундаў.

Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў традыцыйна гаварыў нашмат карацей.
Працягласць яго цяперашняга віншавання расійскаму народу (апошняга ў якасці кіраўніка дзяржавы) — 2 хвіліны 6 секундаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?