Міт Ромні на сустрэчы з выбарцамі ў Аёве.

Міт Ромні на сустрэчы з выбарцамі ў Аёве.

Прэзідэнцкія выбары ў ЗША традыцыйна адбываюцца ў лістападзе, а 

primaries, як называюцца перадвыбары, стартуюць заўжды ў першыя дні студзеня. Першым галасуе аграрны штат Аёва.

Чакаецца, што ўдзел у перадвыбарах рэспубліканцаў у гэтым штаце возьмуць каля 4% ад зарэгістраваных выбарцаў. У розных штатах правілы перадвыбараў розныя. У адных у выбары кандыдата ад дадзенай партыі маюць права браць толькі выбарцы, зарэгістраваныя як прыхільнікі дадзенай партыі. У наступным пасля Аёвы штаце Нью-Гемпшыр права на ўдзел у перадвыбарах рэспубліканцаў маюць усе выбарцы. Што нязменна — усе галасы падлічваюцца празрыста, а фальсіфікацыі выключаны.

Гэтым разам сярод рэспубліканскіх кандыдатаў няма выразнага лідара.

Папулярнасць Барака Абамы трымаецца на невысокім узроўні, бо краіне не ўдалося да канца выйсці з эканамічнага крызісу. Аднак і рэспубліканцы не маюць ідэальнага кандыдата, які б меў і вопыт, і супадаў з чаканнямі грамадства адначасова. У Аёве галасаванне адбываецца на так званых caucus, «кокусах», сходах па абмеркаванні.

Трохі наперадзе ў Аёве ідзе былы губернатар штата Масачусэтс Міт Ромні — бізнэсовец, а па веры — мармон.
Ён сабраў найбольш сродкаў на кампанію. Ён вопытны палітык і гаспадарнік, чалавек памяркоўных поглядаў, шматдзетны бацька. Але як палітык ён не яркі. У мінулай кампаніі ён саступіў сенатару Джону Маккейну.
На другое месца вырваўся былы сенатар Рык Санторум.
Гэта менш вядомы дзеяч. Ён робіць стаўку на самых кансерватыўных выбарцаў. Яго падтрымаюць добра арганізаваныя ў Амерыцы хрысціяне веры евангельскай. Цікава, што ён таксама шматдзетны бацька. І ў Ромні, і ў Санторума ў кампаніі актыўны ўдзел бяруць дзеці й жонкі.
У Аёве вялікую падтрымку мае таксама кандыдат-лібертарыянец Рон Пол.
Гэта кангрэсмен з Тэхаса, які выступае за поўнае змяншэнне ролі дзяржавы ў жыцці краіны. Ён абяцае рэзкае зніжэнне дзяржаўных выдаткаў, падаткаў, кантролю над грамадзянамі. Ён таксама абяцае поўнае вяртанне амерыканскіх войскаў з-за межаў краіны. Аднак у маштабах краіны ён не можа разлічваць на перамогу.
Затое большыя шанцы ў іншых штатах мае былы спікер палаты прадстаўнікоў Ньют Гінгрыч.
Ён і кансерватар, і тройчы жанаты. І прыхільнік традыцыйных каштоўнасцяў, і быў асуджаны за парушэнні дэпутацкай этыкі. Але перадусім ён выдатны гаварун і кампанейскі чалавек, такі палітык тыпу рок-зоркі, што і робіць яго папулярным.

Пэўны час былі папулярнымі, але цяпер адсталі губернатар Тэхаса Рык Перы і кангрэсвумэн Мішэль Бахман. Яна лідарка так званай Tea Party, «партыі піцця гарбаты» — суполак прыхільнікаў змяншэння падаткаў і дзяржаўных выдаткаў. Іх рэйтынг знізіўся, бо яны кепска глядзеліся на шматлікіх тэледэбатах.

Амерыканская дэмакратыя — гэта складаны механізм, але ён бездакорна спрыяе адбору найлепшых і гуртаванню грамадзян у грамадзянскую супольнасць.

А за справядлівасцю выбараў у ЗША глядзяць незалежныя суды і СМІ. Фальсіфікацыі там немагчыма сабе ўявіць. У выбарчых камісіях сядзяць прадстаўнікі абедзвюх канкуруючых партый. І, вядома, немагчыма ўявіць сабе абмежаванні свабоды слова і сходу. Як кіруючая партыя, так і апазіцыя выкарыстоўвае для палітычнай дзейнасці муніцыпальныя будынкі на роўных правах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?