Расія зможа практычна без усякай рызыкі паглынуць Беларусь у выніку заняпаду ЗША. Такое меркаванне выказвае на старонках амерыканскага часопіса Foreign Policy палітолаг Збігнеў Бжэзінскі.
«Праз дваццаць гадоў пасля падзення Савецкага Саюза
апошняя дыктатура Еўропыпа-ранейшаму палітычна і эканамічна залежыць ад Расіі, — адзначае Бжэзінскі. — Траціна яе экспарту ідзе ў Расію, на якую яна амаль цалкам завязаная ў энергетычным плане».
Разам з тым, працягвае аўтар, сямнаццацігадовая дыктатура Аляксандра Лукашэнкі перашкаджае значным адносінам Беларусі з Захадам.
«Такім чынам,
заняпад Амерыкі, які назіраецца, дасць Расіі магчымасць зноў паглынуць Беларусь практычна без усякай рызыкі», —робіць выснову палітолаг.
Чаму гэта хвалюе Бжэзінскага? Не толькі праз непакой за Беларусь, але і таму што на коне, на яго думку — «бяспека суседніх балтыйскіх дзяржаў, асабліва Латвіі».
Аб страце Злучанымі Штатамі глабальнай перавагі аўтар піша ў артыкуле, «Восем геапалітычна выміраючых відаў». У выніку страты Амерыкай перавагі слабыя дзяржавы стануць больш схільнымі да ўплыву рэгіянальных лідараў, упэўнены ён.
Эксперт звяртае ўвагу на рост Індыі і Кітая, на імперскія настроі ў Расіі, на няўстойлівасць Блізкага Усходу. Ён заклікае чытача рыхтавацца да «глабальнай рэальнасці, якая характарызуецца выжываннем наймацнейшых».
Яго васьмёрка «геапалітычна выміраючых відаў» выглядае так:
1. Грузія
2. Тайвань
3. Паўднёвая Карэя
4. Беларусь
5. Украіна
6. Афганістан
7. Пакістан
8. Ізраіль і вялікі Блізкі Усход.
* * *
Збігнеў Бжэзінскі — выдатны амерыканскі палітолаг і дзяржаўны дзеяч, памочнік прэзідэнта Джымі Картэра па нацыянальнай бяспецы ў 1977–1981 гадах. Магутны прагназіст. Асабліва добра разумее геапалітыку Еўропы, з якой сам паходзіць. Быў адным з нямногіх заходніх аналітыкаў, хто ў 1996 годзе цвёрда спрагназаваў, што аслабелая Расія не здолее паглынуць нават Беларусь у перспектыве бліжэйшага дзесяцігоддзя. Менавіта гэта надае асаблівую трывожнасць гэтаму новаму яго прагнозу.