Паводле звестак даследавання арганізацыі «Маці супраць наркотыкаў», не менш як 16% навучэнцаў у Беларусі каштавалі наркатычныя сродкі рознай ступені цяжкасці. Пра гэта 4 студзеня на канферэнцыі, прысвечанай здароўю нацыі, заявіў каардынатар кампаніі «Антымак» Аляксандр Шпакоўскі.

«Апытанне было праведзена ў 2011 годзе. У параўнанні з 2006 годам колькасць маладых людзей, якія каштавалі наркатычныя рэчывы, павялічылася ў чатыры разы. 29,6% моладзі маюць знаёмых, якія ўжывалі наркотыкі. Гэта гаворыць аб тым, што яны таксама ўваходзяць у групу магчымага паражэння, гэта значыць могуць ужываць наркатычныя рэчывы», — адзначыў Шпакоўскі.

На яго думку, талерантнасць у адносінах да ўжывання наркотыкаў рэзка павялічылася. «Яшчэ ў бытавых гутарках з людзьмі гадоў дзесяць таму ўжыванне так званых лёгкіх наркотыкаў успрымалася рэзка негатыўна. Цяпер, пад уздзеяннем фільмаў, прапаганды, вядомай фразы „трава не наркотык“, лёгкія наркотыкі ўспрымаюцца талерантна», — сказаў эксперт.

У такім успрыманні лёгкіх наркотыкаў адыгралі вялікую ролю і курыльныя сумесі тыпу «спайс». «Дзякуючы намаганням грамадскасці, і журналістам у прыватнасці, Яўгену Валошыну, калі ён яшчэ працаваў у „Звяздзе“, гэтыя сумесі былі забаронены», — паведаміў Шпакоўскі.

Паводле яго інфармацыі, у 1985 годзе ў Беларусі на ўліку знаходзілася ўсяго 70 наркаманаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?