4.063.177 — такую лічбу беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў зафіксавала ў лістападзе 2011 году Міжнароднае даследчае агенцтва Gemius.

Гэта азначае, што больш за 50% беларусаў, старэйшых за 15 гадоў, хаця б раз у месяц уваходзілі ў глабальную сетку. Пры гэтым больш як 76 працэнтаў з іх паведамілі, што карыстаюцца інтэрнэтам кожны дзень.

Найбольш адданым інтэрнаўтам — ад 25 да 44 гадоў. Пры гэтым самая актыўная ўзроставая група (25–34 гады) складае каля 30% усёй інтэрнэт-аўдыторыі. 6,5% — гэта людзі, старэйшыя за 55 гадоў.

Каля 19% аўдыторыі паведамілі, што іх прыбытак складае ад 500 тысяч рублёў да мільёна, і гэта самы распаўсюджаны варыянт адказу. Каля 18% маюць прыбытак ад аднаго да паўтара мільёнаў. Тых, хто прызнаў, што мае больш за 5 мільёнаў рублёў у месяц, — 3 працэнты. А 10,45% пазначылі, што зусім не маюць прыбытку.

Пры гэтым больш як 90% удзельнікаў заявілі, што выходзяць у глабальную сетку з дому. А амаль 64 працэнты з’яўляюцца асноўнымі карыстальнікамі камп’ютара, зь якога ажыццяўляецца доступ.

​​Міхаіл Дарашэвіч, кіраўнік прадстаўніцтва Gemius у Беларусі, пракаментаваў, як змяняўся сацыяльны партрэт беларускага інтэрнэт-карыстальніка: «Па-першае, сярод інтэрнэт-карыстальнікаў стала больш жанчынаў, чым мужчын. У прынцыпе, гэта заўжды характарыстыка развітасці інтэрнэта. Ва ўсіх суседніх рынках колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў-жанчынаў большая, і яны больш актыўныя.

Другая важная рэч: у нашым інтэрнэце вялікая доля людзей у веку 15–24, гэта значыць, у нас самая маладая аўдыторыя. Але з разьвіццём інфраструктуры пачала павялічвацца колькасць людзей у веку 50+. І гэта вельмі важна, бо адмысловых спосабаў навучання сталых людзей, як карыстацца камп’ютарам і інтэрнэтам, не так шмат. Гэта таксама паказчык таго, што інтэрнэт развіваецца.

І трэба памятаць пра тое, што ў нас не вельмі вялікая колькасць працоўных месцаў звязаная з інтэрнэтам. Таму высокая доля тых, хто выкарыстоўвае інтэрнэт дома. Хаця павялічваецца колькасць тых, хто выходзіць у сетку з навучальных устаноў.

Працягвае расці колькасць людзей, якія выкарыстоўваюць мабільнае злучэнне.

Інтэрнэт стаў ня толькі месцам, куды людзі заходзяць даведацца пра курс валют, надвор’е і апошнія навіны. Гэта ўжо паўнавартаснае асяроддзе. І мяне цешыць рост інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі, бо інтэрнэт — гэта карысная рэч і карысны інструмент».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?