4 cтудзеня затрыманы мужчына, які можа быць датычны да знікнення ў навагоднюю ноч школьніцы ў Столінскім раёне. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Павел Траулька.

Нагадаем,

13-гадовая жыхарка вёскі Лядзец Юлія Ляшук 1 студзеня каля гадзіны ночы сышла з хаты ў мясцовы Дом культуры і не вярнулася.

Па словах Паўла Траулькі, кіраваннем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 КК (забойства). Створана следча-аператыўная група з прадстаўнікоў СК і міліцыі. Зараз затрыманы з'яўляецца падазраваным па гэтай крымінальнай справе.

Ідуць праверачныя мерапрыемствы. Праведзена каля 40 ператрусаў.
Чакаюцца вынікі геноматыпічнай экспертызы.
Расследаванне знаходзіцца на кантролі ў кіраўніцтва Следчага камітэта Беларусі.

***

Інфармацыя Столінскага РАУС

Прыкметы Юліі Ляшук: на выгляд 14—16 гадоў, рост каля 165 см, сярэдняга целаскладу, твар круглы, колер звычайны, валасы даўжынёй да плячэй, чорнага колеру, вочы шэра-зялёнага колеру.

Была апранута: куртка (пухавік) шэрага колеру, даўжынёй да каленяў, з капюшонам, па аблямоўцы капюшона маецца мех шэрага колеру, джынсы цёмна-сіняга колеру, маюцца невялікія плямы ў выглядзе пацёртасцяў, на падцяжках карычневага колеру, кофта ў палоску шэра-карычневага колеру з капюшонам, трыкатажная, дробнай вязкі, бюстгальтар чорнага колеру, з устаўкамі ружовага колеру, шалік зялёнага колеру, па баках устаўкі ружовага колеру, шкарпэткі блакітнага колеру і цёплыя ружовага колеру, капронавыя калготы цялеснага колеру, боцікі зімовыя шэрага колеру, ззаду маецца замочак даўжынёй каля 15 см.

Грамадзянам, якія што-небудзь ведаюць пра месцазнаходжанне Ляшук Ю.Ю. ці бачылі яе пасля 04.10 гадзін 2012.01.01, а таксама пры выяўленні рэчаў, якія знаходзіліся на зніклай або падобных па прыкметах, просьба неадкладна паведаміць у Столінскі РАУС.

Кантактныя тэлефоны: 8-01655-21232 (крымінальны вышук), 8-01655-24381 або 102 (дзяжурная частка).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?