Напрыканцы мая мінулага года, калі беларусы масава змяталі з паліцаў харчовыя і прамысловыя тавары, Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрадавай нарадзе, што яму «сорамна за беларускі народ, які стварыў у краіне ажыятаж».

«Я хачу звярнуцца да людзей: спыніце ў сваіх кватэрах, гаражах і падвалах ствараць склады, — казаў тады Лукашэнка.

У самым пачатку 2012 года начальнік галоўнага ўпраўлення барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуард Нікіцін у інтэрв’ю расказаў, хто летась зарабіў на ажыятажы.

За кошт задавальнення гандлем ажыятажу вакол цукру, на экспарт у 2011 годзе не адгрузілі 90,3 тыс. т на суму $79,5 млн., паведаміў ў гутарцы пра асаблівасці ценявой эканомікі Эдуард Нікіцін. Ён задаецца пытаннем, на якім этапе ў ланцужку ад вытворцы да спажыўца знік цукар, які насамрэч адсутнічаў у крамах.

«Наіўна было б меркаваць, што асноўную долю скупілі грамадзяне праз прылаўкі»,
— адзначае міліцэйскі начальнік і падмацоўвае свае сумневы канкрэтным прыкладам. Праваахоўнымі органамі высветлена, што ў чэрвені мінулага года
толькі Нясвіжскае райспажыўтаварыства набыла у ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» для рознічнага гандлю 101 тону цукру. У крамы раёна трапілі толькі 9 тон, астатняе вывезлі ў Смаленск.
Каб схаваць гэты факт, у цэнтральную касу арганізацыі ўнеслі 427 мільёнаў рублёў нібыта за рэалізаваны ў Беларусі цукар.
Начальнік упраўлення канстатуе, што падобная практыка носіць сістэмны характар і гэта пацвярджаецца шматлікімі фактамі.

Застаецца дадаць, што пра факты зарабляння дзяржгандлем на ажыятажы вакол цукру «НН» амаль год таму расказваў мэнэджар аднаго з цукровых камбінатаў Беларусі. Па яго словах, перад чарговым падаражаннем крамы затарвалі склады цукрам і пра паліцы ён трапляў ужо па новай цане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?