Са smatrycenka.livejournal.com:

У 1997 годзе студэнтам я семестр быў у Плзэні, і амаль выпадкова трапіў на лекцыю літаратуразнаўца Іржы Станека, прысвечаную навэле Ёзэфа Шкворэцкага «Легенда Эмёке». Дакладней, нельга сказаць, што трапіў я на тую лекцыю зусім выпадкова, бо за некалькі месяцаў да таго прачытаў «Легенду Эмёке» і пачаў быў яе перакладаць, а ў Плзэні ва ўніверсітэце пабачыў абвестку пра адкрытую лекцыю і вырашыў на яе схадзіць. Лекцыя была шыкоўная, дапамагла мне адшукаць ключ для перакладу — і таго твора Шкворэцкага, і іншых. «Легенда Эмёке» ўжо гадоў дванаццаць як амаль цалкам у мяне перакладзеная (толькі раз перачытаць і паправіць сёе-тое), але надрукаваць яе дагэтуль не ўдалося. А гадоў сем таму я прачытаў вялікі раман Шкворэцкага «Гісторыя інжынера людскіх душаў» і загарэўся перакласці таксама яго.

Гэтая ідэя проста вылежвала ў маёй галаве, чакаючы свайго часу, пакуль я летась не пазнаёміўся з Анджэем Ягадзінскім, перакладчыкам Шкворэцкага на польскую, які акурат за пераклад «Гісторыі інжынера…» атрымаў Ангелуса (вядома, разам з аўтарам), пакінуўшы ні з чым нашага Ігара Бабкова. Анджэй распавёў мне такую гісторыю. Калі на пачатку 80-х ён, малады дысідэнт і хіпі, які ў Польшчы застаўся без працы (натуральна, з палітычных прычынаў, як тады там бывала), яго адшукаў нейкі чалавек, каторы перадаў яму канверт, сказаўшы, што гэта ад Шкворэцкага (той эміграваў яшчэ ў 1969-м і заснаваў у Таронта выдавецтва, у якім выдаваў многіх і многіх чэшскіх аўтараў, забароненых на радзіме). У канверце была пісулька і 500 даляраў. У цыдулцы гаварылася, каб гэтыя грошы ён прыняў як стыпендыю для працы над перакладам «Гісторыі інжынера…», чым ён самастойна, у вольныя хвіліны, на той момант ужо нейкі час займаўся. Прайшлі гады, у вызваленай ад камунізму Польшчы Анджэй зрабіўся шанаваным і заслужаным чалавекам, працаваў у польскім пасольстве ў Празе, кіраваў Вышаградскім фондам, цяпер узначальвае Польскі інстытут у Браціславе. Аднойчы ён напісаў свайму аўтару ў Канаду. Напісаў пра сваё жаданне вярнуць 500 даляраў, якія некалі атрымаў. У адказ Шкворэцкі параіў перадаць грошы нейкаму іншаму перакладчыку, якому такая стыпендыя таксама магла б дапамагчы. Такім чынам я ад Ёзэфа Шкворэцкага — праз Анджэя Ягадзінскага — атрымаў стыпендыю і ў адзін цудоўны дзень, відаць, перадам яе па ланцужку далей. А праца над перакладам пачатая, з паўгода таму. Яна зойме яшчэ нямала часу, але даведзеная да канца будзе, абавязкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?